Адорна
(апавяданьне)
Яго звалі так дзівосна і сур’ёзна – Адорна. Зграбнага італійчыка з Палерма а шэрыя вочы і махрыстыя курчы. Так нязвыкла яго назвала маці, палермская настаўніца левых поглядаў. Гэта амаль усё, што я ведаў пра ягоную маці. І крыху лепей я ведаў яго. І Адорна – гэта не мянушка, а сапраўднае, у пашпарце прапісанае імя.
Пазнаёміліся мы так проста і так па-студэнцку – у бібліятэцы. Так, у маю маладосьць у бібліятэках сядзела поўна люду, студэнты чыталі і апрацоўвалі жывыя кнігі, занатоўвалі нешта ў сшыткі, пісалі асадкамі, пэцкаючы пальцы, вусны і паперу атрамантам. Навучаліся і... знаёміліся. Кніжная і маладая атмасфэра чмуціла, стамляла, але і так прываблівала... Ці не таму пасьля заняткаў многія студэнты не сьпяшаліся дамоў, а на гадзіны затрымліваліся ў бібліятэцы. Хаця, канечне, тады толькі-толькі зьяўляўся інтэрнэт, сацыяльныя практыкі дзейнічалі цалкам на стары капыл, нас ніяк яшчэ не сапсавалі і літаральна кінулі адзін да аднаго. У нас усё пачалося з жывога кантакту. Ніякай віртуальшчыны і сюрпрызу, ніякага ката ў мяху. Сьмелыя, а часам ня дужа, а таму прыхаваныя позіркі, раптоўныя стрэчы позіркаў, целаў, няўмелыя дотыкі, хісткія і хапатлівыя рухі, спадзевы, спыненьні і наўмысныя затрымкі, падгляданьні з-за кніжных паліцаў, разгляданьні сілюэту, а потым, канечне, вандраваньні вачыма па ўсім целе таго, хто трапіў у абстрэл тваіх інтарэсаў і жаданьняў. Так незаплянавана чарнявая смуглявасьць поўдня і бялявасьць поўначы сышліся, і неяк у студэнцкую будзённасьць завітала такая простая і для студэнцтва чаканая амурнасьць і загадковая, маладасьледаваная, малаадкрытая маладой істотай фізычнасьць. Зірнуўшы на яго, я падумаў, што ён француз, і ён, кінуўшы крыху падкрадня позірк на мяне, падумаў, што я француз. Ня дзіва – рэймскі ўнівэрсытэт! Але ня я, ня ён французамі не былі. Ён думаў, што я бялявы француз з поўначы, адкульсьці з-пад Лілю, а я думаў, што ён паўднёвы француз з-пад Манпэлье. Мы адразу разабраліся з геаграфіяй, хоць патомнае пакажа, як мы памыліліся на тысячы кілямэтраў. Так падумалі мы, калі пазнаёміліся хіба вачыма, позіркамі. Геаграфія паўстала хіба прыблізная. Антрапалёгія нас памылкова падвяла пад такую геаграфію – адначасова такую слушную, але і стэрэатыпную, памылковую. Ягоная смуглявасьць і чорнавалосасьць слушна ўказвала мне на поўдзень, а мая бялявасьць скуры і шэравалосасьць падказалі яму шлях на поўнач. І нават калі мы загаманілі, вядома па-француску, то слабыя акцэнты ніяк не зьдзівілі нас – акцэнты ё ўнутры Францыі. На дапамогу прыйшлі, на свае месцы ўсё расставіўшы, нашыя імёны: маё імя – Uladzik – зьбіла яго з панталыку, потым шармавала экзатычнасьцю, выклікаўшы інтарэс і яшчэ большае жаданьне, адразу абумовіўшы хаду нашага знаёмства ў бок згоды. Ягонае імя – Adorno – адкінула мяне, ня ведаю чаму, у Італію, хоць першая асацыяцыя, канечне, зусім не італійская, а хутчэй нямецкая. І тым ня менш я слушна разгадаў ягоную геаграфічную загадку – мне, канечне, дапамаглі ў гэтым ягоныя вочы, ягоныя міжземнаморскія скура, валасы і італійская прамова францускіх словаў. Я здагадаўся. Безумоўна, геаграфічна ён намучыўся куды больш. Бо, прызнаемся, што заходнія эўрапейцы ў адрозьненьне ад усходніх – кепскія географы, а таму сьвет для іх, які хаваецца за Нямеччынай, – гэта адначасова барбарыя і цуд, невідаль і шэрая пляма. Хаця гэта ўсё тая ж старая Эўропа... Таму ён не здагадаўся. Скандынавія, Расея і чамусьці Эстонія зьбегліся для яго ў адзінае, і ён сказаў: “L’Estonie?” І ён быў недалёка ад праўды, і ён прыемна зьдзівіў мяне, бо раней мяне ідэнтыфікавалі як паляка з-за лёгкага славянскага акцэнту. Пра Беларусь тады французы амаль нічога ня ведалі і ня чулі. Але чуў пра яе Адорна. Ён чуў пра Шагала, Чарнобыль і Алексіевіч. А цяпер да гэтага сьпіса далучыўся рэальны я. Калі мы пазнаёміліся ня толькі вачыма, калі мы ўдакладнілі нашу геаграфію, мы адчулі сябе радней і бліжэй – два чужынцы ў Францыі. Хоць тады чужынцамі не пачуваліся мы – француская мова, студэнцтва, маладосьць, навучаньне былі нашым супольным домам, прытулкам. І нават тое, што побач не было родных, а таксама тое, што пасьля заняткаў мы вярталіся ня ў родныя дамы, як вялікая частка францускіх студэнтаў, а ў клеці ці нават пэналы інтэрнату, нас, маладых, не засмучала. Маладосьць, мусібыць, не хварэе на настальгію. Маладосьць – гэта цэлая радзіма. Маладосьць гатовая на ўсё...
Узгадваю, што знаёмства адбылося празь мінімум словаў – Uladzik, Adorno, le Bélarus, l’Italie. Ну і, вядома, маладосьці, бялявасьці і смуглявасьці нашых целаў хапіла, каб мы сталі каханкамі.
Каб не Адорна, італійскія піцы засталіся б для мяне нясмачнай стравай, засталіся б для мяне простымі сухімі цацнямі, як называла піцы ў віцебскай выгатоўцы мая бабуля. Каб не Адорна, я б не даведаўся, што найсмачнюткай італійскай піцай зьяўляецца сыцылійская піца – сьфінчыні, абавязкова з анчоўсамі! Падаецца, да і пасьля Адорна я ня еў нічога смачнейшага… Каб ня мой Адорна, я б застаўся жудасным скептыкам у дачыненьні да італійскай кухні. Бочачкі к’янці і камплімэнты Адорна закахалі мяне ў Італію канчаткова.
Каб ня я, Адорна ніколі б не даведаўся пра Васіля Быкава, якога я адшукаў яму па-італійску, якога ён акуратна прачытаў і закахаўся асабліва ў “Альпійскую баляду” 1. Быкава “Альпійская баляда” потым зрабіла тур па Сыцыліі – сваякі і сябры Адорна таксама адкрылі для сябе гэты твор. А ягоная маці, італійская камуністка з стажам, прызнала сваю неадукаванасьць, бо датуль нічога ня ведала пра Беларусь. Расповеды майго італійчыка пра тое, як Васіль Быкаў шармаваў ягоных родных, заўсёды цешылі мяне, і я ўяўляў сябе амаль амбасадарам Беларусі ў Італіі. Я ведаў такі лёгкі шлях да зьбліжэньня нашых культураў. Я ведаў, на жаль, таксама, што афіцыйная амбасада Беларусі ў Італіі да такога ніколі не дадумаецца. З скрухаю думаў да ўсяго, што ў афіцыйнікаў няма ніякага ўяўленьня аб амбасадорыі. Зрэшты, мы дзіўным чынам перанесьлі амурную лінію аповесьці на нас, і Адорна часта жартаваў: “Бачыш, мы ня першыя беларус і італіец, якія кахаюцца”. А сама кніга В. Быкава заўсёды ляжала ў нас то на кухні, то ў хлапчоўні, там, дзе мы бавілі больш усяго часу. І ён так палюбляў імёны герояў аповесьці – Іван ды Джулія.
Мой ня першы каханак, але ў памяці першае ягонае імя, таму можна сказаць, што Адорна – першы каханак, бо я ведаю і дасюль памятаю ягонае імя, бо аб ім думаю да сяньня...
Студэнцкі год у магістратуры ў Рэймсе стаўся, дадушы, цікавым і насычаным. Я навучаўся на паліталёгіі ў гендарнай магістратуры, а Адорна на праўнай магістратуры. Я палітоляг, ён юрыст. Прыгадваю, калі-нікалі мы кпілі адзін з аднаго – так робяць часта палітолягі і юрысты, якія зьвечна сьмяюцца адзін з аднаго з-за нібыта псэўданавуковасьці дысцыпліны іншага. Такія лёгкія і рэдкія кпіны надараліся тады, калі нам не ставала зёлачак у жыцьці. Часьцей жа італійская кухня, кухенная майстэрнасьць Адорна і, канечне, плоцевасьць запаўнялі ўвесь наш супольны час.
Каб не Адорна, я б ня так хутка расквітнеў у сваёй гейскасьці. Хоць, прызнаюся, і я надаў яму сьмелу быць адкрытым і публічным геем, бо я ніколі не хаваўся ад сваёй гейскасьці – адкрыта і так, на ягоную думку, правакацыйна жыў. Але і ягоная італійская, а можа, і міжземнаморская наагул культура, натуральная манэра абдыманьня, цалаваньня на публіцы і шпацыраваньня за руку са мною так супакойвала і шармавала, здымала нялоўкасьці і пытаньні. Ён часта казаў, што ў Італіі мяжы паміж гей-абдыманьнямі і сяброўскімі абдыманьнямі няма ці, прынамсі, яе нікому не разабраць. І за год нашага разам мы ніколі ня зьведалі гамафобскай заўвагі ці позірку. Гэта прытым, што абедалі ў сталоўцы мы разам, ня зводзячы вачэй адзін з аднаго, кідалі адзін адному ў бібліятэцы амурныя цыдулькі, падлоўлівалі адзін аднаго ў калідорах і прыбіральнях, каб сарваць новы пацалунак. Гэта прытым, што 2001 год не назавеш у Францыі ідэальным, райскім для геяў. Гэта прытым, што наша каханьне, зьяднаньне чыталася па нас ва ўсім непадрыхтаваным, няўзброеным вокам.
За год мы ніколі не пасварыліся, за год мы штодня сумавалі адзін за адным так, мэрам ня бачыліся месяц. За год Адорна патэлефанаваў мне больш за сто разоў на публічны таксафон (сто сямнаццаць, калі дакладна, бо кожны званок я запісваў у дзёньнік), які вісеў на паверсе ў інтэрнаце і якім карысталіся ўсе. Мае суседзі ўжо ведалі Адорна завочна і клікалі мяне штораз без пытаньняў, амаль па-роднаму: “C’est pour toi, ton Adorno” 2.
За год я зьеў вагон піцаў і выпіў бочку к’янці. За год я наслухаўся гальфстрым камплімэнтаў. За год “Альпіская баляда” пачала рвацца, а некаторыя старонкі нагадвалі старую цырату ў вёсках на могілкавых століках. За год мы накахаліся на стагодзьдзі наперад. За год я пасталеў і падрыхтаваўся да канцоўкі... Так, у адрозьненьне ад Адорна я часта думаў, што будзе па завяршэньні навучаньня, што будзе з намі праз год.
І гэты “праз год” надышоў хутка, хоць залаты год, падавалася тады, цягнуўся вечна, год каханьня стаўся тлустай, памятнай рысай майго ўміручага і штодня зьнікалага жыцьця. У чэрвені мы абодва пасьпяхова абараніліся, у чэрвені мы адарвана ад калегаў адзначылі атрыманьне дыплёмаў, у чэрвені мы рамантычна правялі выходныя ў Бавуаравым Парыжы. Адорна ведаў тэксты дэ Бавуар ад маці, я ведаў іх дзякуючы франкафільскай адукацыі, абодвух нас шармавала пераважна Сымона, а ня Жан-Поль. Мы прайшліся па іхнім Парыжы, узгадаўшы наш уласны, створаны за год маршрут у Рэймсе. Калі-небудзь праз шмат гадоў, думалася мне тады, я абавязкова прайдуся па нашых з Адорна сьлядох, раёнчыках, закутках у дзівосным, адначасова буржуазным і “джоні” 3 Рэймсе. Усю ноч мы танчылі ў клюбах “Le Marais” 4, нікога не заўважаючы, апрача адзін аднаго, не рэагуючы на заляцаньні ці простыя словы чужынцаў. Разам з ачмуцелай публікай крычалі і танчылі пад Фармёраву “Désenchantée” 5, на хвілю даючы веры, што і мы належым да генэрацыі расчараваных. Усю ноч мы цягаліся ўздоўж Сэны, цалаваліся, нічога не абяцаючы, то падкрадня, то адкрыта на тле адусюль бачнага Нотар-Даму. Уранку, зусім уранку, мы селі ў першы цягнік і вярнуліся ў зацішны Рэймс. Насамрэч, усю ноч у чэрвені 2002 мы разьвітваліся з нашым каханьнем, нашым рэймскім раманам...
1 ліпеня 2002 мы бачыліся ў апошні раз, мы разьвітваліся з Адорна ўсю белую ноч. Памятаю, ён папрасіў, каб я ўголас па-беларуску прачытаў канцоўку “Альпійскай баляды”. Спачатку ён слухаў так аддана – уважліва і наіўна, а потым ад няспаньня ўсю ноч і кунегі ён проста заснуў. І я не пакрыўдзіўся з-за няўважлівасьці слухача, наадварот, падумаў, што раптам баляда сталася калыханкай. І ўсё адно я не даваў веры ў тое, што назаўтра мы ня будзем у адным ложку, што Рэймс стане чужынскім і халодным. Я не ўяўляў, што нехта іншы будзе скурчана спаць побач яго, мяне…
Першым зьехаў ён. Канечне, я правёў яго на вакзал. Канечне, мы сіліліся трымацца і ўяўляць хуткую сустрэчу. Канечне, мы верылі ў гэта. І, канечне, мы зьніклі, падаецца, назаўжды...
●
Насамрэч, мы зьніклі на васямнаццаць з паловай гадоў, бо 2 лістапада 2019 году я раптоўна атрымаў зь невядомай пошты электроннае пасланьне ад... Адорна! 2 лістапада, калі я сядзеў перад экранам, мне літаральна заняло, час спыніўся і я зноў апынуўся ў сьвятле маладосьці, студэнцтва і часу, калі ўсё было магчымае і дасягальнае, калі нішто не страшыла і не спыняла, калі будаваліся мэгапляны і чалавецтву яшчэ дараваліся ўсе хібы і слабасьці…
За гэтыя васямнаццаць з паловай гадоў я так і не наведаў Рэймсу і не прайшоўся па нашых закутках. Не адважыўся. За гэтыя васямнаццаць зь нечым гадоў я часта ўздумваў пра італійчыка зь дзівосным імем. За гэты час я шмат разоў перачытваў “Альпійскую баляду” і ўзгадваў Адорнаву заўвагу наконт таго, што мы зь ім ня першыя беларус і італіец, якія пакахаліся. За гэты час я думаў, колькі новых беларусаў і італійцаў пакахаліся пасьля нас і ці кахаліся яны да нас…
А пасланьне ягонае прабівалася да мяне паўтара года. І гэтая гісторыя заслугоўвае асобнай увагі.
Мой мілы Ўладзь!
Пішу ў спадзеве знайсьці цябе, у спадзеве вярнуць цябе хаця б віртуальна.
Ведаю, ты памятаеш мяне. Думаю, спадзяюся, і ты шукаў неяк мяне. На жаль, твая скрыня “excite.fr” больш не даступная, мае пасланьні вяртаюцца з пазнакай “error”. Хоць ведаю, што ты ды я ніякім “error” не былі, памылка хутчэй у адваротным – што мы не знайшліся раней. Шукаў цябе праз фэйсбук і gmail паўтара года таму, няўжо цябе няма ў сацсетках? Ты ж быў такі сацыяльны і адкрыты, ты ж так палюбляў грамадаваць! Можа, ты зыначыў прозьвішча? А можа, цябе больш зусім няма? Зноў і зноў спрабую знайсьці цябе: нядаўна ўзгадаў, што ў назву пошты ты дадаваў “vicba” ці “vitsba”, спрабаваў пісаць табе, ставіўшы і “vicba”, і “vitsba” ўва ўсіх папулярных электронных поштах. Вельмі спадзяюся прабіцца да цябе.
Помню, думаю пра цябе, хоць так цьвяроза ведаю, нічога з нашага студэнцкага Рэймсу не вярнуць. Пішу проста, каб даведацца пра цябе цяперашняга. Ты, уяўляю, такі ж сьмяльчун-гей, ідэаліста і змагар? Што да мяне, то я ўсё ж такі хавалкін, жыву не ў Палерма, а ў Рыме. Жыву, як тыповы італійскі гей: маю сям’ю, жонку, двох сыноў (ты будзеш сьмяяцца, аднаго зь іх зваць Іван, як Быкава героя нашай з табой аповесьці). Часам заводжу каханкаў. Вядома, жонка нічога ня ведае пра маё паралельнае жыцьцё, яна нічога ня ведае пра цябе, але ведае і чытала Васіля Быкава. Праўда, нашу “Альпійскую баляду” яна ня дужа зацаніла. Няма сумневу, гэта выключна наш твор, Васіль Быкаў – гэта толькі наш з табою пісьменьнік. Зусім нядаўна і з такім ганебным спазьненьнем прачытаў у вікіпэдыі, што Быкаў памёр аж у 2003 годзе, праз год, як мы рассталіся. Я да нядаўняга часу наіўна думаў, што ён яшчэ жывы. Хаця, канечне, людзі так шмат не жывуць, бо і мы ўжо з табою ня бачыліся амаль дваццаць гадоў!
Ведаеш, я часта ўзгадваў цябе, і часта дзякуючы навінам з тваёй краіны, а яшчэ часьцей – спартовым праграмам, у якіх часта ўсплываюць спартоўцы зь Беларусі. І тады я з гонарам і настальгіяй прыгадваю наш раман, гляджу на русявых атлетаў-прыгажуноў, як ты, з тваёй краіны, і думаю, якія шчасныя мы былі калісьці ў Рэймсе…
Карацей, пішы, калі цудам маё пасланьне дойдзе да цябе.
Абдымаю пяшчотна, як калісьці незьлічоную колькасьць разоў у Рэймсе.
Твой А.
●
Месяц счакаўшы, я так і не адказаў Адорна. Месяц счакаўшы, мне ўсё яшчэ заняло. Пасьля васямнаццаці зь нечым гадоў мне патрэбна яшчэ хаця б крыху, каб патрапіць у машыну часу і вярнуцца да рэчаіснасьці…
Лістапад 2019, Вільня – Менск – Віцебск
Уладзь Гарбацкі
1 “Ballata alpina”.
2 “Гэта цябе, твой Адорна” (пераклад з францускай).
3 Зьбяднелы, маргінальны (раён). Ад францускага вульгарызма johny (вытворнае ад імя Johnny), якое азначае “калгасны, вясковы”.
4 Гей-раён Парыжу.
5 Гіт францускай сьпявачкі Мілен Фармёр – “Расчараваная”.