Дзіўны страйк

(аповесьць)


Ранкамі Менск надзвычай прыгожы. Ранкамі Менск адразу абдорвае ўсіх летуценным настроем, спрычыньвае, але і падманвае: ты пачуваешся ў буйным і дынамічным месьце, пакуль не разумееш, што сталіца ахопленая ліпкім павуціньнем дыктатуры, стэрыльнасьці і беспэрспэктыўнасьці… Калі зусім днее, Менск становіцца звычайным і шэрым, куды дзяваюцца ранкавыя каляровасьць і наіўнасьць – так і застаецца нявысьветленым. Мусібыць, іх варта шукаць там, куды зьехалі сотні тысячаў беларусаў у пошуках лепшай долі – у краінах, дзе ўсё рэгулярна абнаўляецца і суцяшае дынамікай і пэрспэктыўнымі мажлівасьцямі…

І вось аднаго такога яшчэ чароўнага ранку нечакана, на зьдзіў дыктатару, міліцыі і КДБ, і ў Менску пачалі адбывацца дзівосы, якіх нібыта ніхто ні чакаў, ні плянаваў.

Усё пачалося звыклага працоўнага дня а 8.25. Калі люд, выцягнуты зь цёплых ложкаў, сьпяшаўся на працу, у школы, ва ўнівэрсытэты, а спалых на бягу дзяцей скандальна рана цягнулі ў садкі. Шчаснымі такой парой маглі быць хіба пэнсыянэры, каб яны жылі на Захадзе. І нашым пэнсыянэрам такой парой нікуды ня трэба, але яны ўсё адно рана ўстаюць і кудысьці па розныя патрэбы едуць…

Роўна а 8.25 у Менску і ў краіне пачалі адбывацца незаплянаваныя рэчы, якіх не маглі спыніць ані быццам усёведны кдб, ані аўтазакі, прысутныя для запалоху ўсюль, нават у школьных дварох, як гульнёвыя інсталяцыі, ані тысячы добрааплатных шпегаў і шпегаў бясплатных і натуральных у выглядзе пільных грамадзянаў і грамадзянак у кожным доме ці нават пад’езьдзе.

Так, маладая трамвайніца Людка, як звалі яе ўсе проста ў дэпо № 2, роўна а 8.25 на супынку «Плошча Перамогі», калі перапоўнены вагон з напаўпадушанымі пасажырамі чакаў выратавальнага ад’езду, пакінула месца кіроўцы, перабегла дарогу, спыніла таксоўку і зьнікла. Пасажыры, якія стаялі ў дзьвярох і бачылі сцэну, падумалі, што гэта нейкі жарт ці здыманьне гумарыстычнай праграмы, але камэры нідзе не было і трамвай стаяў, бы пакінуты капітанкай карабель, у які пачаў залятаць халаднюткі ветрык. Дворнічыха Тэкля, якая назірала сцэну, паматляла галавой і голасна падзялілася з сабою: «Людцы паціху дурэюць, во і гэтую Навінкі чакаюць». Дзеі далей проста перакінуліся драмай.

Ува ўсім Менску фіксаваліся падобныя дзівосы: там-сям не адчыняліся крамы, аптэкі, кіёскі. У мэтро на некаторых станцыях спачатку стварыліся невялічкія заторы каля касаў – яны чамусьці не адчыняліся. Тады, калі сымпатычныя машыністы Генадзь і Аляксей на перасядачных станцыях «Кастрычніцкая-Купалаўская» спынілі цягнікі, пакінулі моўчкі і з сумнявым выглядам, як падалося сьведкам, мэрам у іх здарылася бяда, свае працоўныя месцы і зьніклі на эскалятары, пачалося бабілёнскае рушаньне... Ані начальніцы станцыяў, ані міліцыя не разумелі, што сталася з узорнымі машыністамі Генадзем і Аляксеем. Калі прапанавалі раптоўную замену, было ўжо позна: людзі спазьніліся ўсюль, дзе ім патрэбна было, а да пакінутых цягнікоў было не прабрацца.

Калі зьвязаліся зь міліцыяй, а тая ў сваю чаргу з службамі, а тыя службы зь яшчэ нейкімі, зусімі невядомымі грамадзтву іншымі службамі, якія, як лічылася, ведаюць усё, то было позна выратоўваць сытуацыю. Вусаты службіст без асаблівых рысаў адразу пабачыў у гэтым сьлед апазыцыі. Аднак хутка сьцяміў, што апазыцыя тая, якой палохаюць, бы бабайкай, альбо ў турме, альбо ў выгнаньні – няма апазыцыі ў гэтай дзіўнай сытуацыі. Нейкі чмут, масавае ашаляваньне?

Потым службіст пачуў ад падначаленых расейскага паходжаньня пра ўкраінскі сьлед у сабатажы. Аднак ніводнага ўкраінца сярод страйкоўцаў не было, то былі выключна паслухмяныя, узорныя працаўнікі-беларусы, а да ўсяго актывісты БРСМ і дзяржаўных сындыкатаў.

Патлумачыць сытуацыю ніхто ня браўся, і тады вусаты службіст ужо нават пашкадаваў, што нядаўна пасадзіў апошніх апазыцыянэраў у турму. Лунала вэрсія і аб тым, што апазыцыя зарганізавала гэта ўсё, седзячы ў Вільні, толькі як?

А тым часам прыходзілі наступныя весткі: прэзыдэнт застаўся безь сьняданку, бо повар Лявон ня выйшаў на працу. Грозьлівы і пахмурны прэзыдэнт не прызвычаіўся да такой ранкавай фрывольнасьці, бо сьняданак – амлет з каўкай – справа сьвятая і безь яго працоўны дзень немажлівы. Прывезены сьняданак з рэстарацыі ня вельмі ўлагодзіў прэзыдэнта. Загад знайсьці прагуляку таксама ня быў выкананы – кухар зьнік, тэлефон маўчаў бы рыба, а пабуджаныя сямейнікі спачатку таксама нагадвалі рыбінаў, але потым уголас пацьвердзілі, што Лявон выйшаў ранкам на працу.

Зь міжнароднага аэрапорту «Менск-Савецікус» ня вылецелі два летакі: з аднаго, які мусіў быў ляцець у Стакгольм, зьнік штурман, а другі застаўся на зямлі, бо адзін стуард і адна стуардка ня выйшлі ў рэйс. Сыгналаў жыцьця ніводны не падаваў, тэлефоны былі адлучаныя. Адлучаная сувязь ува ўсіх зьнікуноў насьцярожвала асобна службы і родных...

У вёсцы Міхашкі, што за 100 кілямэтраў ад сталіцы, усе хаты засталіся безь сьвятла, бо выкліканы зухаваты электрык Валер роўна а 8.25 споўз з элетраслупа і пакінуў працоўнае месца, так і не падлучыўшы бабулек і калгасную кантору да цывілізацыі. У аграгарадку Лядушкі на фэрме стаяў вэрхал: каровы мычэлі, ня доеныя ў ранкавую зьмену, бо іх улюбёнка –даярка Караліна – ня выйшла на працу – гэта зьдзівіла ўсіх, акрамя кароваў, перадусім старшыню, якога выклікаў стораж Гальляш. Мужыкі не давалі рады зь непаслухмянымі каровамі, якім трэба было пазбавіцца напрацаванага малака. Тады напалоханыя мужыкі, прыгадаўшы словы мясцовай вядзьмаркі пра тое, што, калі хочаш нашкодзіць суседцы, сцадзі малако ейнай каровы, пачалі цягаць за дойкі скандальных рыкуньняў. Паціху тыя суняліся. У хаце даяркі Караліны не апынулася.

У Шагалавым Віцебску ды іншых буйных местах дыктатуры адбывалася тое ж самае: заторы, спазьненьні, неадчыненыя ўстановы, непачатыя апэрацыі, нявыплачаныя сумы, ненакормленыя кліенты, неадрамантаваная тэхніка, нявыпісаныя рэцэпты, непадпісаныя тысячы паперак. Карацей, усе пачалі думаць, што ў краіне альбо памёр дыктатар і пачаўся каляпс, альбо пачалася вайна... Дзіўны вірус зьнікненьня людзей закрануў нават міліцыю, войска і вернае дыктатару кдб. Так, памежнік Даніла з пункту «Каменны Лог» учыніў кілямэтровую затору, бо ў момант праверкі дакумэнтаў аўтобуса і машынаў зь Летувы ў Беларусь ён узяў трыццаць адзін яшчэ не правераны пашпарт, склаў у кішэню, ціхама выйшаў з будана і зьнік у бліжэйшым ляску.

Інфармацыі аб тым, што адбываецца, ніхто ня мог зьвесьці ў нейкую цямлівую канстатацыю. Прэзыдэнту паведаміць не было чаго, акрамя тысячы нязьвязаных фактаў зьнікненьня некаторых людзей: мужчынаў і жанчынаў розных гадоў і прафэсіяў. Вэрсію пра зомбі, якую агучыла міністарка аховы здароўя, адкінулі, а праз гадзіну і саму міністарку звольнілі з працы, як панікёрку і дурніцу.

Незадаволены да ўсяго сьняданкам, зьнікненьнем улюбёнага, а галоўнае такога ўжо звыклага кухара, прэзыдэнт зьдзівіўся і ўжо крамольна падумаў, але нікому не агучыў такога блюзьнерства для свайго атачэньня, пра расейскі сьлед абдывалага: «Мо хаўрусная Расея так хоча зваяваць мяне? І гэта тады, калі я так ладна правёў выбары на сваю карысьць, калі разагнаў, выгнаў і пасварыў кволую і цяляпкую апазыцыю?»

Дыктатар у страху склікаў Раду бясьпекі, на якую ня сьмеў заявіцца адзін генэрал. Лідар нацыі адразу падумаў, што той зьвязаны з расейскай змовай і наказаў адшукаць яго тэрмінова. Той генэрал, сапраўды, быў зьвязаны з пэўнай «змовай», калі выкарыстаць дыктатарава азначэньне, але не з Расеяй. І, канечне, выйсьці на сьлед генэрала папросту не ўдалося – маўчаў і ягоны мабільнік.

«Гэта ж самае настаяшчае абы-што! Нейкі беспрадзел у краіне! – ускрыкнуў дыктатар. – Зьвяжыце мяне з нашай Мошынай, – амаль ад безвыходнасьці дадаў ён. Мошына, праўда, толькі адказвала за выбары, але дыктатар давяраў ёй. І хоць да наступнай гульні ў выбары было яшчэ тры гады, ён паспадзяваўся на парады лоўкай паплечніцы. Слава ўсім багам, у тым ліку праваслаўнаму, якому сымпатызаваў дыктатар, Мошына была на сувязі, і ён яшчэ раз пераканаўся ў ёйнай вернасьці і адданасьці – яна нікуды ня зьнікла. Яна ўжо, канечне, была ў курсе дзівосаў, пачатых раніцай. І, канечне, яна мела сваю вэрсію на адбывалае.

– Дарагі Саша, крапіся! Думаю, апазыцыя тут яшчэ як пры чым! Патрасіце ўсіх сядзелых – яны прызнаюцца, я перакананая. Ну хочаш, я сама пагавару зь імі? Хочаш, трасану як мае быць?

*

Апазыцыя – абезгалоўленая, зашуганая і саслабленая нават у сеціве, ня тое, што ў рэальнасьці – у сваю чаргу таксама сутыкнулася зь бядой: намесьнік старшыні хрысьціянскіх дэмакратаў, вызвалены тыдзень таму, зьнік з радараў як для сваіх, так і для службістаў. Увязьнёная лідарка маладых кансэрватараў ня зьнікла, бо не магла зьнікнуць з-пад пільнай варты ды з-за кратаў, але, седзячы на зоне ў Гомелі, паводзіла сябе больш чым дзіўна: з раніцы маўчала, не размаўляла, ляжала з заплюшчанымі вачыма і не рэагавала на запыты вартаўніцаў. І нават калі зьверугаватыя даглядальніцы паспрабавалі сільма атрымаць нейкі адказ ад палітычнай, вынік быў нулявы. Тады дзівачку памясьцілі ў лязарэт, як байкотніцу, але і там лекары нічога не маглі ўцяміць. Дарэчы, у турмах некаторыя агульныя вязьні – як мужчыны, так і жанчыны – праявілі за дзень падобныя паводзіны. Усяго такіх налічылі 1 112 чалавек па ўсіх беларускіх турмах. Калі інфармацыю перадалі прэзыдэнту, то ён боязна ўскрыкнуў, чым напалохаў усю Раду, бо яна ніколі ня бачыла напалоханага дыктатара:

– Божа мой, людзец мой і ў спакойнай нашай турме ня знойдзе ратунку ад гэтай пошасьці! Вух, гэтая апазыцыя! І туды ўжо забралася!

Апошняй кропляй для зрыву дыктатара стаўся званок на прыватны мабільнік пяцьцю хвілінамі пазьней – тэлефанаваў старэйшы сын, які па гучнай сувязі, каб Рада магла таксама чуць, бо сакрэтаў ад верных сяброў не было, нэрвова сказаў:

– Баця, баця, ты толькі спакойна, але зьнік наш Андрэйка!

Вочы ўсіх чальцоў рады і сакратаркі скіраваліся на прэзыдэнта, усталявалася гнятлівая ціш. Прэзыдэнт адключыў сувязь, паспрабаваў адцягнуць гальштук ад гарляка, нешта усхрыпнуў і асеў у фатэлі. Усе рынуліся на дапамогу дыктатару.

*

Рада не змагла ўтрымаць інфармацыю, і ўжо ня толькі ледзь чутны мясцовы, нібыта незалежніцкі, інфармацыйны партал ku-ku.by, але замежныя смі паведамлялі пра беспарадкі і распаўсюд новага вірусу ў Беларусі. Францускі інфармацыйны партал Bliamba-Macron перадаў да ўсяго тэкст пасланьня беларускага дыктатара «Вярніце Андрэйку!», у якім беларускі галавар умалёгваў апазыцыю, фінансаваную нялюбымі ЗША, не чапаць унучка, не прадаваць яго на ворганы і вярнуць яго цэлым. У Расеі ўсе лямантавалі пра тое, што вось і дайшла каляровая рэвалюцыя да бастыёну стабільнасьці ў Эўропе. І пры гэтым сьледу зьніклых людзей нідзе не было. Цэрквы хапатліва анансавалі канец сьвету і ганілі грамадзтва і дыктатара, якія адвярнуліся ад бога, а цяпер во і атрымліваюць за гэта кару. Праўда, і сярод царкоўнікаў пазьнікалі людзі, толькі гэта пакуль не афішавалі.

А 17.00 дыктатар у сьлязах быў вымушаны ўвесьці надзвычайны стан у краіне, бо інакш, думалася, з каляпсам справіцца не было як. Краіна прыпыняла камунікацыю з вонкавым сьветам, хоць той сьвет сам ужо яшчэ ў абед ануляваў кантакты па паветры і па зямлі з краінай, дзе масава зьнікаюць людзі.

*

Эўразьвяз ня проста прыпыніў кантакты па супрацы зь Беларусьсю, але сабраў тэрміновую раду і абвесьціў, што дыктатар зноў – у сямнаццаты раз – падмануў давер заходняй дэмакратыі і зноў пачаў, і гэтым разам масава, выкрадаць людзей для нейкіх экспэрымэнтаў. ЭЗ параіў цывілізаванаму сьвету ўвесьці жорсткія санкцыі супраць барбарыі і вераломнага хлуса. Але, падаецца, упершыню дыктатар сапраўды ня ведаў, дзе дзеліся людзі, упершыню яны зьніклі безь ягонага ўмяшаньня.  

Чарговая Рада сабралася наступнага ранку. Крыху ачунялы дыктатар трымаўся зухавата, хаця ўсе бачылі, што зьнікненьне ўлюбёнага ўнучка моцна адбілася на псыхалягічным здароўі галавара, якое і так здаўна многія ставілі пад сумнеў. Колькасьць зьніклых людзей павялічвалася, сягала за 55 000, – і ніхто ня мог патлумачыць, дзе яны. Фантастычныя вэрсіі баяліся агучваць – усе памяталі, што сталася з асьмялелай міністаркай аховы здароўя. Але многія падумвалі пра іншаплянэтнікаў, якія пачалі выкрадаць беларусаў. Адна вядомая пісьменьніца і праваабаронка напісала артыкул у незалежнай газэце пра тое, што іншаплянэтнікі пачалі выкрадаць беларусаў як космасагодных і пакутных людзей і што зьнікуны не памерлі – яны цяпер жывуць у іншым, лепшым сьвеце, на іншай плянэце, дзе няма месца дыктатуры. Выснова пісьменьніцы была сьмелая і антыдыктатарская: калі дыктатар кіне ціснуць людзей, то і спыніцца крадзеж беларусаў іншаплянэтнікамі. Дыктатар ужо быў гатовы паверыць гэтай вэрсіі, ён пачаў галасіць, як вясковыя кабеты на хаўтурах: 

– Ай-ё-енькі!.. А што ж гэта будзе!.. А можа і праўда!.. І мой Андрэйка цяпер дзе-небудзь на Вэнэры сабе добра жыве… Ай-ё-енькі!.. І навошта ты пакінуў дзеда свайго?..

Тут умяшалася цьвярозая і заўсёды халодная Мошына:

– Дарагі Аляксандар, прашу, вярніцеся. Нам патрэбны моцны прэзыдэнт. Нагадаю ўсім прысутным, іншаплянэтнікаў не існуе, як не існуе бога – мы наперадзе ўсёй плянэты і добра ведаем такія базавыя рэчы. Прабачце, але я гэтую пісьменьніцу Сьветку саму б паслала на Марс-Вэнэру, каб не дурыла галавы нашаму люду – няхай бы дурыла там на Вэнэры галовы безгаловым.

Астатнія чальцы Рады сядзелі з пахавалымі позіркамі ад сораму, а яшчэ больш ад вінаватасьці і немажлівасьці дапамагчы бацьку. Калі галавар зноў заенчыў: «Дзе мой Андрэйка?» – усе, акрамя Мошынай, амаль палезьлі пад стол. Верная і моцная Мошына скамандавала ўсім: 

– Сядзець усім! Саша, мы знойдзем Андрэйку!

*

І, падаецца, адзіная фаварытка, чыноўніца першай клясы Мошына намацала нейкі сьлед. Пасьля Рады асабіста завезла дыктатара дамоў у шэрую сялібу, потым села ў гелікаптэр МУС і паляцела шукаць людзей і глядзець на краіну зьверху. Злая на апазыцыю, пісьменьнікаў, якія плявузгалі, а яшчэ больш на лідара, які раптам даў слабіну і публічна енчыў, бы баба вясковая, неафіцыйная камандэрка зь біноклем у руцэ выглядала падазронае і ня слухала лісьлівасьці гелікаптэрніка. «Калі я столькі разоў з выбарамі элегантна спраўлялася, калі я столькі чыноўнікаў перасядзела і перажыла, то і тут дам рады», – разважала так спадарыня Мошына. «Выбары – гэта я!» – яшчэ раз пацьвердзіла сабе для пэўнасьці функцыянэрка і пачала проста любавацца краявідамі радзімы.

У той час калі гелікаптэрнік перадаваў маўклівай Мошынай інфармацыю пра тое, што праз 30 хвілінаў ім трэба вяртацца на базу ў Менск, яна нешта ўгледзела ў гайку. Паводле гелікаптэрніка, яны былі па-над Валожыншчынай. Нейкія кропкі-плямы, падобныя да людзей, прыцягнулі ейную ўвагу. Яна скамандавала прызямліцца ў гэтай дзюры проста на калгасным ці ўжо аграгарадковым палетку. Мошына заблыталася ў сельскагаспадарчай рэформе краіны і ня ведала, ці яшчэ існавалі калгасы-саўгасы, як у ейную вусьцішную маладосьць, ці іх ужо даўно ліквідавалі. Штораз яна баялася трапіцца на гэтым няведаньні і праславіцца як дуруша. Прызямляючыся, яна праглядала ў бінокаль рэдзенькі гаёк, дзе былі нейкія падазроныя людзі. Яна зноў не паслухала лісьлівых парадаў кіроўцы выклікаць міліцыю на дапамогу і самютка сьмела выскачыла з гелікаптэра і накіравалася ў гаёк. Яна па-дурному ніколі нікога не баялася ў адрозьненьне ад іншых пусьці-павалюся-калегаў сыстэмы: ані жанчынаў з рондалямі, якія маніфэставалі раз-пораз, ані баязьлівай апазыцыі, ані рускага, ані беларускага сьвету – з школы яна была адважная і кідалася ў бой і з мальцамі, і зь дзеўкамі. Дзякуючы гэтай рысе, яна была цяпер у фаворы ў дыктатара. 

Жаўнерскай ці нават камісарскай хадой яна накіравалася ў гаёк, дзе сядзелі спакойна і смалілі цыгаркі шэрыя грамадзяне. «Алькаголікі», – падумала спачатку старшыня выбарнага канвэеру, але хутка ўгледзела на іх непрамакальных плашчах жэтоны палясоўнікаў. Сур’ёзныя старцаватыя хлопцы не напалохаліся ані гелікаптэра, ані сьмелай кабеты ў фрэнчы і спадніцы пасярод поля – яны смалілі цыгаркі і нешта абмяркоўвалі, мэрам штодня да іх прызямляецца вось так мястовая кабета. Праўда, яны паздароўкаліся зь ёю. Мошына пабачыла, што яе не спазналі, а гэта прытым, што яна была амаль зоркай экрану. Прэзэнтавацца ня стала, неяк дзіўна, але яна раптам палюбіла гэты просты і ананімны клімат.  

 – Спадарства, выбачайце, калі патурбавала. Я – адтуль, – і яна паказала ў бок Менску, але атрымалася так, што нібы зь нябёсаў.

Але і гэта мужыкоў не зьдзівіла. Яны чакалі, што яна скажа далей, бы штодня да іх прыляталі цёткі «адтуль».

 – Бачу, вы зь лясьнічай службы, вы мне можаце моцна дапамагчы… Скажыце, ці ня бачылі вы нічога дзіўнага ў нашых лясох?

Яна толькі завяршыла сказ, як адзін палясоўнік так проста працягнуў за ёю:

 – Як, напрыклад, людзей у бэзавым лесе – вунь там, далей, ці яшчэ там, за 5 км адсюль?

Мошына напружылася, напалохалася, а яшчэ пасьпела падумаць, ці не жартуюць гэтыя мужланы.

 – Як у бэзавым? Навошта ў бэзавым? Што гэта такое? І што за людзі? Ці яны павінны тут быць?

Гаварун за ўсю кампанію працягнуў:

 – А чаму і не? Людзі маюць права наведваць лес – гэта багацьце народу.

Умяшаўся іншы, дасюль нямчурысты і маладзейшы палясоўнік:

 – Нас ня гэта дзівіць, а навошта яны ў бэзавым…

Мошынай нібы заняло – яна думала, што трапіла да вар’ятаў ці, укрывай бог, да лясных маньякаў. На хвільку яна павярнулася ў бок гелікаптэра, пабачыла кіроўцу, які сьмела махаў ёй, і крыху супакоілася. Але раптам пабачыла капэрту, абгорную бэзавай стужкай, і ёй заняло яшчэ больш. Гаварун проста працягнуў ёй капэрту, кінуўшы:

 – Калі Вы адтуль, – і паказаў пальцам ці то ў бок Менску, ці то ў бок неба – дык можа гэты ліст Вам. Бо нам яго ўсунулі, нічога не сказаўшы, якраз тыя дзівакі ў бэзавым з далёкага гаю. 

Мошына зразумела, што яна намацала ня нешта там прыблізнае, але сьлед, які прывядзе яе да ўнука прэзыдэнта – да славы! Гатовая пабусіць гэтых мужланаў, яна ўскрыкнула ад радасьці, зноў паціснула ўсім ім, бы на выбарчай кампаніі, шурпатыя і наўрад ці нядаўна мытыя вялікія рукі і пабегла на поле да лісьлівага гелікаптэрніка.

*

Вярнуўшыся ў любую сталіцу, Мошына зноў адразу паехала да Яго. Ліст не расьпячатала – пакінула прывілегію Яму. Амаль уварваўшыся ў сядзібу, куды яна адна з рэдкіх госьцяў мела права прыязджаць так проста, Мошына знайшла дыктатара ў не зусім дыктатарскай вопратцы: трэніках і майцы-алькагаліцы і ў нейкіх старых, стаптаных тапцях. Эстэтка Мошына ўнутры ўскрыкнула сама сабе, але вонкі гідоты ня выказала:

 – Саша, я ўзяла сьлед, таму я тут. На, расьпячатай – прачытаем, што там, – яна працягнула яму капэрту.

Саша зморшчыў твар, кінуўшы:

 – Што за бабскі колер? Што гэта? Ліст ад паклоньніцы?

Мошына сама не палюбляла ані бэз, ані бэзавы колер, які нагадваў ёй родную правінцыю, дзе ўсе хаты навокал патаналі ў бэзе вясною, ад чаго ёй станавілася яшчэ маркотней і хацелася зьехаць у Менск. Але цяпер яна адчувала, што ў гэтай бэзавай капэрце схаваны чарговы ейны посьпех – квіток у пэўную будучыню. Дыктатар у трэніках груба садраў стужку, парваў ліст, ледзь справіўшыся з далікатнай паперай цьмяна-бэзавага колеру і выцягнуў прыгожа складзены аркуш сьветла-бэзавага колеру. На гары аркуша было напісана: «Ліст дыктатару».

Саша зноў зморшчыў твар:

 – Нехарашо пачынаюць… Яны на мове пішуць…Так і ведаў, што гэта апазыцыя ўсё… І бэзавы колер, і мова, усё ў адно!

 – Чытай, Саша, не нудзі! Гэта ўсё дробязі – мы і мову іх ведаем ня горай за іх. Я дык пяцёрачніцай у школе была па мове. Купалу ды Танка ведала на памяць – усё, што ў падручніках было. 

Дыктатар працягнуў, удала справіўшыся з мовай, – ягоны артыкуляцыйны апарат добра вымаўляў словы мовы, як яны з сыстэмнікамі называлі беларускую мову: 

«Мы, бэзавыя беларусы, колькасьцю 100 000 чалавек (і яшчэ больш, калі ўлічыць тых, хто баіцца і шыфруецца), абвяшчаем месячны страйк. Цягам месяца мы адмаўляемся выконваць свае прафэсійныя і фінансавыя абавязкі, пакуль кіраўнік дзяржавы не перапросіць перад усімі намі. Апошняй кропляй стала чарговае выказваньне-ляпаньне непрэзыдэнта-дыктатара пра тое, што ён не разумее «блакітных» і «пры ягоным кіраўніцтве палёгкі ім ня будзе». Мы з свайго боку прынялі рашэньне адмовіцца ад супрацы з сыстэмай і недапрэзыдэнтам, які гады запар кпіць і цкуе нас. Сто тысячаў беларусаў і беларусак адмаўляюцца ад такога кіраўніка. Цягам месяца патрабуем прыняцьця законаў па падтрымцы бэзавых і пакараньня любой антыбэзавай рыторыкі. Мы патрабуем у парлямэнта, хоць ён нічога не вырашае, каб ён нарэшце пачаў прымаць рашэньні і разгледзеў у бліжэйшы час закон аб паўнаце грамадзянскіх правоў бэзавых з уключэньнем права на бэзавы шлюб. Калі цягам месяца нашыя патрабаваньні ня будуць пачутыя, мы працягнем страйк іншым чынам, аб чым паведамім дадаткова. Знакам, што мы пачутыя, будзе публічнае раскаяньне былога міністра ўнутраных справаў А. Дзіравага, які на пасадзе афіцыйна заганіў усіх бэзавых.

Пазначаем, што гэты ліст – толькі першы крок на шляху да зьменаў, якіх даўно зачакалася ўся – і шэрая, і бэзавая – Беларусь.

Чакаем першых знакаў цягам дня,

Бэзавыя».

Дыктатар дачытаў ліст, які паляцеў далоў, і ротам паглядзеў на гэткую ж разяўленую Мошыну. 

 – Гэта ваабшчэ беспрадзел, мне – ультыматум, ды нейкія бэзавыя! Хто гэтыя 100 000 беларусаў, чаму я ня чуў пра іх? Што гэта за здраднікі? Сабатажнікі! Хто ім заплаціў – Брусэль ці зноў Вільня? Куды міліцыя глядзіць? Што мы іх проста так утрымліваем? – заюльцішыўся прэзыдэнт, якога абазвалі недапрэзыдэнтам.

 – Саша, спакойна! Я сама ўпершыню чую пра бэзавых. Пра зялёных чула, пра блакітных чула, а пра бэзавых – не. І іх у нас 100 000! Хто гэта такія? – разважала Мошына.

 – Дык яны ж кажуць, што я зь іх сьмяюся! Дык я толькі з галубятні сьмяяўся – з блакітных гэтых… І Дзіравы больш не міністар унутраных справаў…А што ён там казаў і на каго? – пытаўся далей дыктатар.

 – Ён жа тады ў тэлевізыі якраз і пасьмяяўся з блакітных… – не закончыўшы фразу, зьмікіціла нарэшце Мошына.

Па ўсім бачна, і Ён расшалопаў што да чаго, бо пачуўся лямант на ўсю рэзыдэнцыю:

 – Ай-ай! Дык няўжо ў нас у ціхай краіне 100 000 блакітных? Бедная мая Беларусь! Што зь ёй Захад гэты паскудны нарабіў! Во што прапаганда робіць! Дык а дзе тады мой Андрэйка? – пачаў адное да адного прыстаўляць прэзыдэнт.

Мошына і Ён паглядзелі адзін на аднога, але думку, якая напрошвалася, пабаяліся агучваць, каб яна ня спраўдзілася… І яны падскочылі зь перапуду, бо забаўкаў тэлефон. Прэзыдэнт зьняў слухаўку і ўлучыў гучную сувязь – гаварыў трасьлівым голасам новы міністар унутраных спраў Дагарынага:

 – Гаспадзін прэзыдэнт, родненькі, у нас у руках адзін дзіўны, я б нават сказаў, нейкі вар’ят у бэзавым – пасланец ад зьніклых людзей. Мы яшчэ ня білі яго, чакаем вашага дазволу і загаду…

Прэзыдэнт напружыўся – бэзавая тэма разьвівалася бескантрольна і ягоная сыстэма не магла справіцца з бэзавай небясьпекай. Ён кінуў у слухаўку:

 – Паўла, нікога не зьбівайце пакуль – ён патрэбны мне нечапаны. Мы хутка будзем.

Па дарозе ў МУС прэзыдэнт і фаварытка маўчалі і стараліся не глядзець адзін на аднога. Пры пад’ездзе да цэнтральнага будынка МУС завібраваў мабільнік дыктатара – ён баяўся ўлучыць яго. Тэлефанаваў сын, бацька зьніклага ўнука:

 – Баця, мы толькі што па пошце атрымалі дзіўную бэзавую капэрту – ліст ад Андрэйкі. Ён жывы, але… – прэзыдэнт нэрвова адлучыў тэлефон і скурчыўся на шырокай скураной капапе аўта ў зародкавай позе. У МУС яны выйшлі з аўта не адразу, счакаўшы хвілінаў дзесяць. Мошына ўгаварыла ўсё ж такі Яго выйсьці і пагаварыць з бэзавым пасланцом – гэта мусіла дапамагчы зразумець усю сытуацыю лепей і высьвятліць, чаго яшчэ, акрамя прапісанага ў лісьце, хочуць дзіўныя страйкоўцы. 

*

 – Таварыш галоўнакамандуючы, таварашы астатнія, нам абвясьцілі партызанскую вайну! Нейкія невядомыя бэзавыя сілы, складзеныя з тых зьнікуноў, якіх многія сваякі абвесьцілі ў росшук, хаваюцца па розных мясьцінах, часта проста ў лесе, і дасылаюць па сьвеце нагаворніцкія пасланьні ў… прабачце, дурацкіх капэртах. Старшыня выбарнага канвэера асабіста прывезла першы такі ліст, які заўтра абяцаюць разьмясьціць у прэсе, але ў сеціве яго ўжо можна прачытаць. Пакуль мы спраўляемся, але эканамічны хаос і паніка шкодзяць дзяржаве, – пачаў прамову міністар унутраных справаў Паўла Дагарынага. – І галоўнае, мы ня ведаем, хто завадатар гэтай, як яны самі называюць у пасланьнях, бэзавай партызанкі.

Пакуль усе слухалі справаздачу міністра, у закутку зь зьвязанымі рукамі сядзеў хударлявы хлопец, абгорнуты вялікім бэзавым шалікам, канцоўка якога была затканая яму ў рот. Усе слухалі міністра, але ня зводчячы вачэй з пасланца.

Далей хацела ўзяць слова сьпікерка парлямэнту, які нічога не вырашаў, як чыталася ў пасланьні, але прэзыдэнт устаў, перапрасіўшы за ўмяшаньне, – усе рабалепна саступілі яму слова:

– Таварышы, давайце паслухаем бэзавага мальца. І выцягніце ў яго з рота гэтую анучыну, нашто мучыць пасланца?

Яму хацелі запярэчыць, але ня сталі – міліцыянт, прыстаўлены да пасланца, выцягнуў шалік зь мялкі вязьня. Але не пасьпеў ён гэтага зрабіць, як усчаўся лямант – пасланец загаласіў на ўсю залю:

 – Гвалтоўнаму рэжыму – гвалтоўная сьмерць!

Усе аж уздрыгануліся ад нечаканага крыку, адзіная Мошына ўсьміхнулася, астатнія казелілі зрэнкі на гарлапана. Міністар унутраных справаў далучыўся:

 – Мы таму і заткалі яму мяліцу, таварыш прэзыдэнт, бо ён увесь час выкрыквае антыдзяржаўныя словы па-беларуску, так паганячы нашу сьвятую і чыстую мову. Я прапаную ўляпіць яму артыкулы «абраза мовы» і «абраза ўлады».

Тут умяшалася Мошына, якая захацела па-мацярынску пагаварыць з пасланцом і выпытаць, чаго ж яшчэ хочуць гэтыя новыя партызаны.

 – Калегі, гэта пасланец, трэба зь ім далікатна і годна паводзіць сябе – нас могуць абвінаваціць на Захадзе, што мы не паважаем правоў пасланцоў, амбасадараў. Прапаную разьвязаць яго і мы пагаворым на роўных, інакш толку ня будзе. 

Пры гэтым яна, бы гіпнатызёрка ці дрэсыроўніца, набліжалася да пасланца, добра паглядаючы на яго. Паклаўшы руку яму на плячо, сьмелая і дыпляматычная Мошына папрасіла пасланца супакоіцца, паабяцаўшы разьвязаць яго і выслухаць спакойна без падлеткавых анархісцкіх выбрыкаў. Пасланец, падаецца, суняўся і згодна паківаў галавой. Ашалелы міліцыянт глядзеў на сцэну, а потым зіркнуў на міністра, які ў сваю чаргу зіркнуў на прэзыдэнта. Прэзыдэнт даў дабро. Вольны ў залі ў нявольнай краіне пасланец больш нічога не выкрыкваў – Мошына села насупраць. Заля любавалася перамогай фаварыткі.

 – Хто вы? Як вас зваць? – пачала яна размову. – Я Людвіка Мошына, узначальваю Выбарны канвэер.

 – Я ведаю, хто вы, – пачаў сымпатычны хлопец. – Я Кастусь зь Віцебску, але сяньня я прыехаў да вас з пасланьнем ад сеньненскай партызанскай брыгады імя К. Заслонава.

Усе слухалі ротам, прэзыдэнт міргаў вачыма, нічога не разумеючы, ня бачачы сувязі паміж гэтым наваяўленым партызанам Кастусём і савецкім героем Канстанцінам Заслонавым. Усе напружана слухалі – было чуваць, як па дроце бегаюць электрынкі.

 – Вы ўжо атрымалі ліст цэнтральнага бюро партызанкі, а цяпер і я тут, бо мы вырашылі, што лісту вы можаце ня даць веры. Я пасланец бэзавых, каб пацьвердзіць папяровае пасланьне і перадаць асабістае пасланьне прэзыдэнту…

Усталявалася такая крыштальная цішыня, што чулася толькі няроўнае сапеньне дыктатара – электрынкі і тыя сьцішыліся.

 – З хуліганьнём, якое ганіць сьвяты вобраз нашай партызанкі, у нас адна размова, – залямантаваў цяпер бы вар’ят прэзыдэнт, напалохаўшы ўсіх прысутных.

Мошына зноў засмуцілася, бо прэзыдэнт руйнаваў усю ейную мірную дыпляматыю, якая прыносіла вынік. Але пасланец застаўся спакойны і вытрыманы. Ён толькі крыху сьцяў вусны і працягнуў:

 – Калі вы яшчэ не зразумелі, мы не хуліганьнё, а бэзавая партызанка. Вы нас называлі раней блакітнымі, дзіравымі. Гэтаму цяпер надышоў канец. Калі астатнія беларусы далей гатовыя цярпець вас, то гэта іх справа – наша цярпеньне выйшла. У вас месяц, каб зьмяніцца… Але маё пасланьне да дыктатара іншага пляну. 

Пасланец сьмела паглядзеў у вочы раз’юшанаму дыктатару, тады як усе астатнія, за выняткам Мошынай, баяліся глядзець так проста ў вочы Яму, і дадаў:

 – Маю да вас пасланьне ад Андрэйкі. Ён жывы і шчасны з намі. Перадае вам вітаньні зь сеньненскіх лясоў!

Пакуль бэзавы пасланец прамаўляў гэтыя простыя і адначасова балючыя і забароненыя на публіцы словы, вочы дыктатара наліваліся нянавісьцю і дзедавымі сьлязьмі. З вуснаў недапрэзыдэнта выляцела гвалтоўнае:

 – За краты гада!

І ўсе кінуліся зноў на дапамогу разьюшанаму прэзыдэнту.

*

Пакуль у сьценах МУС адбываліся размова з пасланцом і чарговы зрыў дыктатара, краіну паступова ахінаў бэзавы туман. У сеціве множылася рознага кшталту інфармацыя на аснове лістоў, пасланых бэзавымі. У крамах, на вуліцы, на рынках, на кухнях грамадзяне гаманілі пра нейкую новую бэзавую пошасьць, якая прыйшла ў краіну з Захаду. Некаторыя з найбольшых панікёраў пачалі выходзіць на вуліцу ў масках і пальчатках, каб не падчапіць бэзавы вірус. Брытанская і летувіская амбасады разгарнулі побач з нацыянальнымі сьцягамі бэзавыя палотнішчы, пазначаўшы ў пасланьнях, што іх краіны аддаўна падтрымліваюць бэзавую справу ва ўсім сьвеце, асабліва ў Беларусі. МЗС выклікала амбасадарак, абвінаваціўшы іх краіны ў падтрымцы тэрарыстаў. Насьпяваў дыпляматычны канфлікт. Толькі адна Расея адразу стала на бок беларускага дыктатара, які, па ейнай вэрсіі, гераічна змагаўся з каляровай – бэзавай – рэвалюцыяй унутры краіны, спрабуючы захаваць яе шэрай і стабільнай. Беларусь жыла ў надзвычайным стане – на месцы зьніклых выклікалі замену, збольшага сытуацыю ўдавалася кантраляваць, бо не было незаменных людзей у дыктатуры. Праўда, некаторыя адвакацкія канторы, кабінэты слынных псыхолягаў былі зачыненыя, і незадаволеныя багатыя кліенты былі абураныя неатрыманым сэрвісам. Прызнаны на ўсю Эўропу беларускі хірург-лязэрнік зьнік, праз што былі ануляваныя дзясяткі апэрацыяў функцыянэраў і іх сваякоў. Таксама былі ануляваныя многія апэрацыі кліентаў з Азэрбайджану і Туркмэністану, якім проста нельга было адмаўляць. І хоць працоўныя месцы зьнікуноў хутчэй запаўняліся, але страх і паніка павялічваліся ў насельніцтва, бо людзі, ды так масава, зьніклі ў нікуды. Апазыцыя запусьціла акцыю «Не – мэгахапуну!». Эўропа далучылася  і падтрымала акцыю, даслаўшы патрабаваньне дыктатару імгненна вызваліць усіх схопленых. 

Калі краіна даведалася аб тым, што бацька нацыі ў шпіталі, пачалася яшчэ большая паніка, якую, праўда, яшчэ стрымлівалі ўсюльісныя сілы парадку. І паступова пачала прасочвацца інфармацыя пра бэзавую партызынку і арыштаванага бэзавага партызана…

А тым часам у шпітальнай палаце, у якой з ахоўнікамі ля дзьвярэй, пад вокнамі, ачуньваў дыктатар пасьля нэрвовага зрыву ў міністэрстве, сабраліся блізкія рэжыму. Сыны дыктатара і Мошына сядзелі вакол ляжалага з прымочкамі на лобе кіраўніка бэзавай дзяржавы, як зьедліва празвала яго ўжо заходняя прэса. Дыктатар прачынаўся пасьля абкропваньня і санлівага ўколу. Ён млява паглядзеў на прысутных, усіх спазнаўшы, ледзьве ўсьміхнуўся. І адразу запытаў:

– Колькі патрабуюць бэзавыя за нашага Андрэйку? Ім грошы патрэбныя?

Набліжаныя пераглянуліся, баючыся загаварыць і зноў увесьці ў нэрвовы зрыў дыктатара. Мошына не адважылася агучыць сямейную тайну – вачыма падштурхоўвала сыноў увесьці бацьку ў справу. Старэйшы сынок – рыхт-у-рыхт тата – і бацька зьніклага Андрэйкі нарэшце пачаў:

– Баця, Андрэйка цэлы і здаровы, ніхто не выкрадаў яго, ён сам уцёк. Мы атрымалі, як і казалі раней, ад яго смс-ку, а сяньня да нас прыйшоў ягоны ліст…

І сын працягнуў бацьку бэзавую капэрту. Баця, нічога не разумеючы ці, як адразу падалося Мошынай, ня хочучы разумець, выратавальна паглядзеў на яе. Яна падтрымала яго, праўда, ня так, як хацеў ён, а сваёй звычайнай цьвярозасьцю:

– Саша, пачытай, калі ласка, ліст ад унука, бо ён ужо зьявіўся ў апазыцыйнай прэсе. Ты мусіш ведаць усё.

Малодшы сын працягнуў бацьку акуляры для чытаньня. Дыктатар зноў пачаў чытаць тэкст, зноў на мове – ён так часта апошняга часу чытаў па-беларуску. Ён напужаўся, што ўнук пісаў па-беларуску. Ён чуў ад сына, што той захапіўся рамантычнай беларускасьцю, але пры сустрэчах яны размаўлялі ўсе па-расейску, часам на трасянцы, але ніколі на літаратурнай беларускай мове. Усе ведалі, дыктатара на шмат не хапала па-беларуску. І потым, усе ў сям’і спадзяваліся, што рамантычнасьць тая пройдзе разам з наіўнай юньню. Але апошнія месяцы дзед і ня бачыў унука. Дзед разгарнуў паперу з думкай, адкуль яны ўсе бяруць такога паскуднага колеру паперу:

«Дзеда, вітаю!

Гэта Андрэй. Не палохайся і ня бойся за мяне! Я цэлы і шчасны тут. Я сам уцёк зь сябрамі і з каханкам. Я таксама бэзавы, я ня мог застацца ва ўтульнай кватэры, дзе мне зусім няўтульна. Я заўсёды моўчкі зносіў вашыя дурацкія з бацькам жарты ў бок «блакітных». Мяне раздражняла нават тое, што вы ўжывалі гэтае крыўднае старое слова, якога больш стараюцца не ўжываць. Мы называемся бэзавымі, а вы сумысьля сьмеяцеся і клічаце нас блакітнымі. Так ёсьць толькі ў адрынутай Расеі, так ёсьць празь цябе, дзеда, у Беларусі. Пакуль вы сьмяяліся, краіна зьмянілася, але вы ні на кропельку не зьмяніліся. З вамі сумна і страшна, таму я пакінуў вас, каб стаць партызанам, бэзавым партызанам, каб зьмяніць краіну, якую палепшыць вам ужо не дадзена. Калі ты яшчэ любіш мяне, ты зразумееш і зьменішся. А яшчэ будзе лепей, калі ты пойдзеш на адпачынак. Так думаю я, твой унук, так думае палова беларусаў дакладна.

Андрэй.

P.S. Нагадаю, што пасланцоў і амбасадараў не арыштоўваюць і не палоняць. Прашу тэрмінова вызваліць майго сябра Кастуся».

Дыктатар выглядаў спакойным, ня дужа ўзрушаным, і ўсе падумалі, што гэтым разам ён валодае сабою. Але хвіліну счакаўшы, дзез узвыў шалёным сабакам – яго асабліва абурыла прапанова пайсьці ў адпачынак:

– Мой унук – підарас! Гэта ўсё матка! Гэта празь яе! Прыродзьдзе ў яе паганае. У нас ніколі не было ані блакітных, ані бэзавых – усе нармальныя мужыкі! А тут сорам на ўвесь сьвет! У беларускага прэзыдэнта – Мужыка – блакітны ўнук! І ён яшчэ вучыць мяне, як слушна называць такіх сапсаванцаў. Якія яны бэзавыя – яны блакітныя! Мала біў я яго па срацы, мо тады ня ўцёк бы з каханкам! Столькі дзевак прыгожых вакол, а ён з каханкам! 

На хвільку дыктатар сьцішыўся, усе адводзілі вочы ад ягонага позірку. Ён нешта думаў, а тады зноў выбухнуў лямантам:

– Мамкі любыя, дык калі ўсе гэтыя зьнікуны – бла… бэзавыя, дык няўжо ў нас сапраўды 100 000 ненармальных! Ай-ай! Няўжо і мой повар Лявон з бэзавых!? Гідотнік! Ён жа так смачна гатаваў – ён ня можа быць бэзавым! Ён сваімі рукамі гатаваў мне, а да гэтага дзе былі ягоныя рукі… Куды коціцца мая Беларусь?

Адказаў на свае пытаньні ён не атрымліваў і працягваў бы лямантаваць далей, калі б Мошына не спыніла яго сур’ёзным позіркам і калі б не забаўкаў ягоны тэлефон. Тэлефанавала сакратарка прэзыдэнта, каб даведацца пра здароўе лідара і перадаць пра пільныя справы і сотні сустрэчаў, якія былі адкладзеныя з-за зрыву. Пільнай справай была інфармацыя ад міністра ўнутраных справаў і новай міністаркі аховы здароўя, яны прасілі тэрміновай сустрэчы з прэзыдэнтам. І яны ўжо сядзелі ў фае бальніцы. Бацька нацыі суняўся, адкінуў прымочку, паправіў піжаму і наказаў запрасіць міністраў з справаздачамі.

*

У палату дзелавіта ўвайшлі ўжо вядомы Паўла Дагарынага і Алаіза Сьмялуха, новая міністарка аховы здароўя, псыхіятарка па адукацыі. На абліччы першага чыталася прыхаваная баязьлівасьць, а на абліччы міністаркі застыглі далікатная ўсьмешка і кур’ёзнасьць. Сыны дыктатара зачаравана і зь нейкімі спадзевамі паглядзелі на бляндынку зь міністарскім партфэлем. Яна не зьвярнула ўвагі на іх, бо здаўна ведала, як псыхіятарка, у такого бацькі дзеці ня могуць быць здаровымі. Праўда, паздароўкалася яна міла з усімі, нават з выбарнаканвэернай Мошынай. Міністар унутраных справаў па-кавалерску саступіў даме месца выступіць першай. Міністарка зусім не баялася гаварыць – псыхіятрыя дапамагала ёй ва ўсіх сытуацыях і з усімі людзьмі. 

– Шаноўнае спадарства! Спадар прэзыдэнт! Я асабіста правяла агляд партызана Кастуся. Ён цалкам здаровы мужавень, ніякіх знакаў парушэньня псыхікі няма. Да ўсяго…

Яе раптам спыніў прэзыдэнт:

– Алаізачка, што вы кажаце такое? Як блакітны можа быць здаровым? Ну вы што? Вы ж ва ўнівэрсытэце навучаліся…

Раптам умяшалася Мошына:

– Шаноўны Аляксандар, давайце даслухаем спадарыню міністарку!

Міністарка працягнула роўна з таго месца, дзе яе спыніў бесцырымонны дыктатар:

– Да ўсяго пацыент Кастусь падчас размовы распавёў мне, што ён кахае вашага ўнука Андрэя, яны разам у пары паўтара гады і пасьля партызанкі яны плянуюць зьехаць у Нідэрлянды, каб пабрацца шлюбам, бо ў нашай краіне гэта забаронена. З мэдычнага пункту гледжаньня, пацыент здаровы,  яго варта вызваліць. Поўны тэкст размовы з дазволу пацыента прыкладзены да справаздачы.

– Якое вызваліць! Гэта пачвара зьвяла майго ўнучка, спакусіла і зрабіла вычварэнцам, блакітным! – зароў прэзыдэнт.

– Па-першае, як вынікае з гісторыі, ваш унук спакусіў яго… З дэталямі, паўтаруся, вы можаце азнаёміцца ў справе… Па-другое, паводле навуковай тэрміналёгіі Сусьветнай арганізацыі здароўя, зацьверджанай два гады таму і ў нас, мы больш не выкарыстоўваем стары і памылковы тэрмін «блакітны». Цяпер мы кажам карэктна – бэзавы. І бэзавасьць – гэта не вычварэнства, спадар прэзыдэнт, – сур’ёзна і красамоўна завяршыла міністарка.

Усе схавалі позіркі, бо ведалі, што адбылося нядаўна з былой міністаркай аховы здароўя. Канечне, ведала пра гэта і Алаіза Сьмялуха. Але псыхіятарка ў ёй заўсёды была мацьнейшай за чыноўніцу. 

Пакуль прэзыдэнт з сынамі ротам глядзеў на дзерзкую міністарку, у размову зноў умяшалася Мошына:

– Чаму ж бэзавыя? І чаму раней мы ня чулі пра іх?

– Мажліва, вам, старэйшай генэрацыі, так прасьцей жыць і ўспрымаць сьвет. Але сьвет моцна зьмяніўся, і мы ў міністэрстве здаўна працуем па нормах САЗ (Сусьветнай арганізацыі здароўя), а грамадзтва жыве па нормах позьнесавецкага часу. Паводле клясыфікацыі САЗ, існуюць шэрыя, то бок гетэрасэксуальныя асобы, бэзавыя, то бок гомасэксуальныя асобы, шэра-бэзавыя (бісэксуальныя, мяшаныя, асобы) і ніякія (асэксуальныя асобы). Ніякай іншай тэрміналёгіі мы сабе не дазваляем – нам не дазваляе гэтага мэдычная этыка. Бэзавыя? Ну яны самі выбралі такія колер і назву, цяпер назва стала афіцыйнай ва ўсім сьвеце.

– У нас такое ня пройдзе! Галубятня, блакітня, підар’ё, вось як мы іх спрадвеку называлі і будзем называць у нас! – зноў умяшаўся прэзыдэнт.

Тут у размову нечакана для ўсіх нябачны, забыты дасюль улез міністар унутраных справаў:

– Таварыш прэзыдэнт, бэзавыя паралізавалі ўсю краіну. Месяц страйку мы ня вытрываем, тым больш, калі ў іх няма аднаго цэнтру, яны зусім збэзавалі, мы ня ведаем, з кім кантактаваць, з кім весьці перамовы, мы ня можам арыштаваць іх усіх, тым больш, што бальшыня зь іх лічыцца зьніклымі. 

Ложак дыктатара абступілі блізкія асобы  – сыны, міністры, Мошына – і яму проста не давалі ўтэркнуць слова. Сыны ўголас заклікалі бацю пайсьці на перамірак з бэзавымі дзеля ўнучка. Апошняе слова зноў сказала фаварытка:

– Дзеля ўнука, дзеля стабільнасьці Беларусі, дзеля геапалітычнага зацішку мы мусім пачаць перамовы з бла… прабачце, бэзавымі.

*

А Беларусь тым часам апусьцілася ў страх, пляткарства і додумы. Краіна падзялілася да ўсяго – як і заўсёды – на два лягеры, і, як заўсёды, на большы лягер супраць дэмакратыі, беларускай мовы, бела-чырвона-белага сьцягу, Захаду, дабрабыту, будучыні, здаровага сэнсу, супраць шчасьця ўласных дзяцей, а цяпер і супраць бэзавых, якія ўчынілі страйк і сталіся вінаватымі ў збоях беларускіх стабільнасьці і парадку. А таксама падзялілася на меншы, ці зусім маленькі, лягер – прабэзавы. Як і заўжды, толькі каліўка беларусаў сьмела чакала і казала пра зьмены. 

На працы, у кавярнях чуліся размовы:

– Я заўсёды ведала, што гэты зьніклы Зьміцер – блакітны, – казаў адзін голас.

– Ён жа сантэхнік і з жонкай жыў. І дзяцей тры штукі накляпаў ёй. Ён – шэры.

– А зьнік, вось табе і шэры! Блакітны, ці як там цяпер слушна трэба казаць, бэзавы ён, я ж кажу табе.

Каля «Белсаюздруку» вялася наступная размова:

– Дык ты, Іванаўна, цяпер за Васільеўну тут працуеш?

– Так, Сяргееўна, Васільеўна ж, атрымліваецца, бэзавая была, а я і ня ведала…

– Іванаўна, а я, не паверыш, заўсёды здагадвалася, што яна іншая… І мужыкаватая, і ў нагавіцах заўсёды хадзіла, як камісар, і паліла цыгаркі, і лаялася па-страшнаму… Чыста бэзавая.

– Ай-ай, век бы не падумала, што мая напарніца – бэзавая…

У кампаніі маладых мужчынаў чулася наступнае:

– Хлопцы, капец, Мішка ж наш – бэзавы! А мы ж зь ім па дзеўках цягаліся, і яны пішчалі за ім, як ненармальныя… А ён на іх і не глядзеў,  а на дупастых мальцаў зіркаў, фу, гідота!

– Ды ну, гоніце. Мішка ж – мужык! У яго ж дзеці ў Менску і ў Барысаве. Не паверу, што ён бэзавы…

– Хлопцы, а я паверу, што ён з гэтых… бэзавых… Мы зь ім у басэйн хадзілі, і ён зіркаў на мае майткі…

– Ды ну, ён проста зіркаў на твае сьмешныя рэпэтузы, я ж бачыў твае трусачы.

– А зьнік жа ж во… Перадаюць, бэзавыя страйкуюць так.

– Дык Мішка проста зьехаў куды-небудзь, нікуды ён ня зьнік…

У адной бажніцы пры манастыры можна было падслухаць такі дыялёг сьвятара з паслушнікам:

– У нядзелю памолімся з паствай за выратаваньне бэзавых душаў, – наказваў мудры сьвятар, які ведаў гісторыю і тое, што з пачатку чалавецтва існавалі і шэрыя, і бэзавыя.

– Бацюшка, а мо ў бэзавых няма душы, вы ня думалі пра гэта? – пытаўся неразумны паслушнік.

– Не вярзі глупстваў – кожная чалавечая істота мае душу…

У далёкай браслаўскай вёсцы, у якой засталіся пяць бабулек, сядзелых на лаўцы, вялася такая гутарка:

– Дзеўкі, па тэлевізары сказалі, што людзі хварэюць на нейкую бэзавую хваробу, чулі? – пачала Аўдоцьця.

– Чулі-чулі. Унукі прыедуць, я мо папрашу высячы бэзіну, што ля хаты стаіць, можа, яна заразная якая… – падхапіла старэйшая Барбора.

– Цяпер ясна, што за хвароба забрала Яўхіма Трахёнка, – умяшалася трэцяя, Ганна. – Ён бабылём і памёр, на дзевак не глядзеў, а толькі на коней ды на свой матацыкаль… Мусіць, і ён быў бэзавы…

Пасьля хвілінкі паўзы далучылася і Адарка:

– Дзеўкі, хоць пад старасць ведаць будзем, як сьвет жыве, а то жылі бы ў яме.

– Ай-ай, што робіцца! Гэтымі бэзавымі ня толькі людзі бываюць, але і жывёлы. На фэрме як працавала, то і нагледзілася: бык адзін быў, дык колькі не ганялі яго да кароў, толку не было – усё пёрся на іншых быкоў. А кот Рудзік за коткамі і не ганяўся, узапрэцца на суседзкага Чарныша і росьціць яго – нам сьмех, – закончыла гутарку апошняя, старажылка Эміля. 

У Менску ў Серабранцы бацькі аднаго бэзавага зьнікуна разважалі так:

– Жонка, слухай, скажам, калі запытаюцца пра Ігара, што ён яшчэ з Масквы не вярнуўся. Бо суседка-гадаўка ўжо цікавілася, ці ня зьнік ваш Ігар?

– Ёй справа! Усё суне нос свой паганы… Згодная, Багдан, скажам, што ў Маскве робіць і да зьнікуноў тых ня мае ніякай справы…

– Жонка, скажы ты мне, а чаму ж Ігар твой бэзавым стаў? Ці не ад таго, што ты дачку хацела, а нарадзіла мальчонку? Мо ты яму перадала там што, калі ён яшчэ ў чэраве быў, га?

– Мой Ігар?! Я думала, ён наш, супольны. Ён калі прызнаўся мне, то я адразу падумала, што гэта твая віна – заўсёды браў яго ў кампанію з мужыкамі, у лазьню хлопца браў. Вось ён там і нагледзеўся на вашыя струкі-азадкі і стаў такім… Хоць псыхалягіня сьмяялася зь мяне, калі я ёй так сказала – яна пераконвае мяне, што гэта зусім не таму…

А па тэлевізыі тым часам перадавалі пасланьні прэзыдэнта, які ўпэўніваў грамадзянаў у стабільнасьці і ў тым, што шукаюцца шляхі па ліквідацыі страйку і вядуцца пошукі зьніклых людзей. Людцы злаваліся, што бацька нацыі нічога не казаў пра свайго бэзавага ўнучка, бо ліст унука дзеду распаўсюдзіўся мігам і стаўся навіной нумар адзін на ўсіх інфармацыйных парталах. Афіцыйныя каналы ані слоўкам не выказаліся на гэты конт. Міністраў і фаварытку да прэсы і тэлевізыі не дапускалі. Але ўсе заўважылі, што дыктатар нэрваваўся і выглядаў змучаным і састарэлым – бы сапраўды дзед. Уся Беларусь пачалася пагаджацца: прэзыдэнту пара па пэнсію.

Бацькі зьніклых родных, ад якіх не было пасланьняў, абурыліся тым, што іх блізкіх пачалі абзываць бэзавымі і напісалі ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай адшукаць родных і спыніць насьмешкі з можа ўжо нежывых сваякоў. 

Калядэмакратычная апазыцыя дыктатуры ня стала на бок прабэзавых, а падтрымала лягер антыбэзавы, цалкам уваліўшыся ў аўтарытарную яму, куды яе здаўна штурхала ўлада. Апазыцыя лічыла бэзавасьць хваробай і распустай і ставіла яе на адзін ровень з прастытуцыяй і наркаманіяй. Апазыцыя адразу адкараскалася ад зьніклых лідараў, прызнаўшы іх хібнасьць і хваробу на бэзавасьць. Апазыцыя амаль цалкам зьлілася з рэжымам яшчэ ў адным пытаньні – стаўленьні да іншадумцаў. Манон Лузьняк, адзін з духоўных лідараў апазыцыі, які хаваўся на Захадзе, трубіў на ўвесь сьвет і аўтарытэтна прызнаваўся сярод беларускай апазыцыі, што бэзавыя беларусы – сорам нацыі і гэта ўсё выбрыкі гнілога Захаду. А таксама не выключаў, што гэтымі бэзавымі чалавечкамі разбэшчаны Захад хоча зваяваць чыстую і цнатлівую нацыю герояў і ўцягнуць Беларусь у міжнародную распусту. Спадар Лузьняк, праўда, сьцішыўся пасьля таго, як партыя бэзавых ЗША напісала ліста ў Кангрэс аб зьнявазе. У пасланьні, між іншым, гаварылася аб тым, што палітычны ўцякач М. Лузьняк папрасіў прытулак у досыць бэзавай краіне і атрымлівае грошы ад ЗША, якія выдаткоўваюцца яму коштам падаткаў амэрыканскіх, у тым ліку і бэзавых, грамадзянаў. Яму прапанавалі вярнуцца ў нябэзавую Беларусь і змагацца супраць распусты там, на радзіме.

Дыктатура заўсёды вядзе да зрадненьня былых антаганістычных сілаў, асабліва ў пытаньнях маралізму і кансэрватызму. І потым, апазыцыя і не магла быць іншай, яна паўстала, сфармавалася і існавала ўвесь час у штучных ды недэмакратычных умовах, адкуль яна магла быць дэмакратычнай? Назва калядэмакратычная і тое гучала замоцна. Усе ведалі, што нельга нарадзіцца дэмакратам ці дэмакраткай у дыктатуры – дэмакратычнай асобай становішся цягам вялікай працы і пераемнасьці.
Але для бэзавых гэты падзел ня меў аніякага значэньня, асабліва пасьля таго, як улюбёны ўнук дыктатара напісаў і апублікаваў ліст дзеду на ku-ku.by. Не афішуючы, дыктатар вызваліў партызана Кастуся і забараніў міліцыянтам арыштоўваць і зьбіваць бэзавых. Пасьля гэтага МУС разам з КДБ не давалі рады: так, штораніцы ля помніка кату Дзяржынскаму насупраць будынка КДБ –  на шыі ката знаходзілі бэзавы шалік. Помнік менскаму гарадавому, які так абараняў ранейшы міністар МУС А. Дзіравы, закідвалі вясёлкавымі стужкамі і на шыю рэгулярна накручвалі бэзавае баа. А калі ў краіне заквітнеў бэз, то пачалася чарговая гістэрыя – пераважна антыбэзавая. Зацятыя бэзафобы вынішчалі вельмі пахмяныя хмызьнякі бэзу. Многія грамадзяне, асабліва грамадзянкі, баяліся і не апраналі вопратку бэзавага колеру, каб ня быць абвінавачанымі ў бэзавасьці, калябарацыі ці папускальніцтве. Некалькі разоў міліцыя ўтаймоўвала антыбэзавых хуліганаў. Але і прабэзавыя не бязьдзейнічалі. І сярод іх лавілі хуліганаў: так, у Менску і ў Полацку прабэзавыя аблівалі бэзавай фарбай аўты бэзафобаў. А адна прабэзавая актывістка падпільнавала мэра Полацку, які адкрыта сьмяяўся з бэзавай хваробы і абліла яго бэзавым глязурам. Пошта патанала ў бэзавых капэртах: і зьнікуны, і прабэзавыя актывісты дасылалі тысячы лістоў-ультыматумаў у бэзавых капэртах ува ўсе структуры ўлады. Да руху далучыліся замежныя бэзавыя арганізацыі і з заходніх краінаў у Беларусь пасыпаліся бэзавыя паштоўкі і капэрты. У сеціве бэзавымі гакерамі і свавольнікамі дасылаліся мільёны спамаў а бэзавы колер. Некаторыя актывісты-жартаўнікі ноччу малявалі бэзавай фарбай альбо крыжы, альбо птушачак на дзьвярох дамоў бэзафобаў. Шэрыя беларуска-савецкія месты ператварыліся ў нейкі бэзавы фантан. Захад працягваў абзываць дыктатара бэзавым прэзыдэнтам, а Беларусь зь сінявокай ператварылася ў бэзавейкавую краіну. Расея біла ў званы, шкадуючы і нэрвуючыся, бо каляровая рэвалюцыя такога ганебнага для яе колеру зваявала апошнюю хаўрусьніцу на постсавецкай арбіце. Адзіная незалежная газэта, якая падтрымала бэзавы рух, –  «Наш час» – пачала выдаваць газэту з цалкам бэзавым тытульнікам. 

І спыніць бэзавы эмансыпатарскі чмут ніхто ня мог, бо ўсе баяліся гневу дыктатара, які згубіў унука ў гэтым бэзавым акіяне.

*

Дыктатар і ягонае атачэньне маўчалі, а на думку Мошынай – проста бязьдзейнічалі. Унук унукам, а бясьпека рэжыму – прыярытэт. Хіба можа цэлая сыстэма паляцець з-за нейкага там унука, тым больш бэзавага. Справункавая фаварытка спрабавала ўплываць на сям’ю дыктатара, але ўсюль сутыкалася з аргумэнтамі кшталту «Мы ня можам нашкодзіць Андрэйку». І яна бачыла ў гэтым сьлед хітрай міністаркі Сьмялухі – у дыктатара ўзьнікла новая фаварытка. Канкурэнцыі Мошына не цярпела, канкурэнтаў, асабліва канкурэнтак, яна адразу адкідвала з свайго шляху. І яна ўжо крыху шкадавала былога міністра МУС Дзіравага, якім ахвяраваў дыктатар і  якога, нават сьмешна было прызнацца, прымусіў, як патрабавалі бэзавыя, публічна выступіць і прынесьці прабачэньні тым, каго раней міністар ганіў. Для чыноўніцы вышэйшага рангу і вышэйшай ступені хлусьні гэта быў пачатак паразы. І яе часта цяпер не дапускалі так лёгка да цела дыктатара. Спакойная і шыкоўная будучыня, дзеля якой яна так шчыравала, раптам пачала станавіцца хісткай і размытай.

І раптам усе пляны і спадзевы рэжымнікаў ляснулі. І не таму, што страйкоўцаў забаяўся дыктатар, і не таму, што ягоны ўлюбёны ўнук зрабіў бэзавае прызнаньне і напісаў кранальна-дзерзкі ліст дзеду. Не, адбылося такое, да чаго ніхто ня быў гатовы: ані пачынальнікі страйку, ані нават псыхіятарка-міністарка Сьмялуха, ані цынічная прахадзімка Мошына…  І гэта зьмяніла ўсё. 

Ніхто ня ведаў, што дыктатар у бэзавай навале атрымаў ня толькі шмат пасланьняў з пагрозамі і ультыматумамі, ня толькі дзерзкі і здрадлівы ліст унучка Андрэйкі, але на яго імя былі дасланыя яшчэ два бэзавыя, як і сотні, тысячы іншых, лісты, якія сталіся апошняй кропляй у падзеях, пачатых дзіўным страйкам. Ён атрымаў лісты ад Васіля Б. Адно імя Васіль + Б. ускалыхнула час і ўспаміны дыктатара. Яго, шасьцідзесяціпяцігадовага лідара краіны, вярнула на 46 гадоў назад у студэнцкія гады ў абласное беларускае места. Ён так выразна прыгадаў, як у аўдыторыі на занятках па гісторыі КПСС у задніх шэрагах цьмянай аўдыторыі сядзеў ён і сябра Васіль Б. Калі старая прафэсарка распавядала пра жыцьцё У. Леніна, яны амаль ня слухалі яе і падкрадня зазіралі ў вочы адзін аднаму. Напярэдадні ноччу яны далі клятву вернасьці адзін аднаму. Але ў вернасьці моцным ніколі ня быў дыктатар: ані ў маладосьці, ані цяпер, у самую восень жыцьця. Назаўтра малады дыктатар проста падаў ліст у КДБ на свайго лепшага сябра, і Васіль зьнік на 46 год. Два лісты ад Васіля Б. агаломшылі стараватага дыктатара больш за ліст унука. Не адразу прачытаў іх. А калі прачытаў, то два дні бэзавагу чмуту не выходзіў да блізкіх – усе думалі, што прэзыдэнт так гаруе за ўнучком. А ён і забыў пра свайго ўнучка, у якога ўсё будзе добра, калі ён з маладосьці такі сьмелы і спрытны і ўжо паказаў дулі ўсім старэйшым зь сям’і і ладзіцца брацца шлюбам з мальцам у Нідэрляндах. Дыктатар думаў пра сябе, пра маладыя гады, сваё здрадніцтва і Васіля Б. Значыць, ён жывы. Адседзеў, вызваліўся. Жывы. Ці можна было застацца жывым у савецкай турме па такім артыкуле? І напісаў бэзавага ліста. Можа, гэты ліст, як і ўнукавы ліст, ужо ў прэсе? Узрадуецца апазыцыя такому факту! Верная сакратарка Ірына пакуль не паведаміла пра яго – значыць, яшчэ няма чарговай насьмешкі. Расьпячатаў першага ліста, начапіў на нос акуляры і пачаў чытаць:

«Вітаю дыктатара ўсёй Беларусі!

Ведаю, ты здагадаўся хто піша табе. Так, гэта Васіль. Больш за сорак гадоў мы ня чуліся не бачыліся. І мы абодва ведаем па якой прычыне. Адзінаццаць гадоў я адседзеў у турме – не адразу зразумеў, праз каго туды трапіў. Спачатку я яшчэ чакаў весткі ад цябе, але потым палітычныя расплюшчылі мне вочы на сьвет. Адзіннацаць гадоў па артыкуле 119. Сам ведаеш, як у нас ставіліся і ставяцца ня толькі ў турме, але і ў грамадзтве да асуджаных па гэтай малавядомай каму лініі. Але так добра вядомай мне і ўсім унутры турмы…

Вызваліўшыся, я адразу ж уцёк зь Беларусі – падаўся ў Сыбір, у Лангепас, працаваць у тайзе, каб забыць усё, што было са мною. Але і ў Сыбіру не схавацца ад сябе ды ўспамінаў. Трыццаць гадоў з гакам мінулі, але дасюль не забытыя турэмныя пакуты і зьдзекі, на якія ты мяне вырак. 

Я вярнуўся на радзіму і жыў бы здань. Праўда, адраджэнства зачапіла і мяне, у ім пабачыў, знайшоў сэнс жыцьця і спрычыненасьць. А калі пачаўся дзіўны, хоць для мяне цалкам нармальны і доўгачаканы страйк, я зноў ачуняў і першым кінуўся ў яго, першым падтрымаў маладых ды ня толькі сьмелых бэзавых. А ліст твайго ўнука зусім рэанімаваў мяне і атрос усю жуду мінулага. Дзякуючы твайму сьмеламу ўнуку (хаця б нехта сьмелы і шчыры ў вашай сям’і!) я паверыў у перамогу праўды і прагрэсу. Я паверыў, што мае пакуты – гэта ня проста так, на іх выбудоўваецца новая краіна, у якой ня жыць нам, але дзякуючы нашаму болю ёй будзе ўсё ж такі жыць ня так балюча, як нам.

Я зусім не ненавіджу цябе, хоць мільёны беларусаў, ведаю, бачу, менавіта ненавідзяць цябе. Ды, шчыра кажучы, прэзыдэнт зь цябе, як і каханак, – ніякі.

Васіль.

P.S. Другі ліст – ты сам ведаеш, што там. Табе вырашаць, ці заставацца табе на пасадзе, ці ўцякаць, пакуль ёсьць магчымасьць. Заўтра ён зьявіцца ў прэсе».

*

Ранкам дваццатага дня дзіўнага страйку ў бэзавай Беларусі ўсе інфармацыйныя каналы краіны ды сьвету паведамлялі адну дзівосную навіну за навіной. І многія паглядалі на каляндар, ці не першакрасавіцкая гэта дурота: «Беларускі дыктатар уцёк у Манголію. Гэта адзіная краіна, якая прыняла бэзавага дыктатара. Нават вечная хаўрусьніца праваслаўная Расея адмовілася прыняць ранейшага сябра». У газэце «Наш час» зьявіўся ліст Васіля Б., і краіна ўпершыню чытала, перачытвала тэкст, не пакідаючы ніякіх камэнтароў, а толькі хапаючы ротам паветра ці выціскаючы з грудзей: «Ай-ай!» Заходнія і ўсходнія каналы мігам пераклалі ліст, і па сьвеце пабеглі чарговыя сэнсацыйныя навіны: «Бэзавая рэвалюцыя ў Беларусі. На мапе яшчэ адной дыктатурай менш», «Дзіўны страйк дапамог дыктатару прызнацца ўва ўласнай бэзавасьці», «Менск патрабуе ўва Ўлан-Батара вярнуць дыктатара на радзіму», «А хто яшчэ ў сям’і дыктатара бэзавы?», «Новая палітычная сіла Беларусі – бэзавыя» і г.д. 

Пакуль краіна баязьліва адкрывала для сябе дэмакратыю, Мошына за кратамі засынала з думкамі: «Хто б мог падумаць, што блакітн… блямба, бэзавыя змогуць зваліць прэзыдэнта і такую стабільную дыктатуру, якую ніякія каляровыя рэвалюцыі больш за пятаццаць гадоў не страшылі. Бэзавыя – во гэта сапраўдныя мужыкі, сапраўдныя бабы, а ня тое, што гэтая сьлюнцяйская апазыцыя…» І зрынутая фаварытка заснула смачным і ўпершыню нетрывожным сном ва ўтульнай турме № 17, бо цяпер ані хітрыкі, ані хлусьня больш не перашкаджалі спаць спакойна. І ў гэтым таксама бачыўся цяпер ёй плюс дэмакратыі – шчырасьць і спакойны сон, сталыя мажлівымі дзякуючы дзіўнаму бэзаваму страйку. Страйку, які вызваліў краіну ад дыктатара…

Уладзь Гарбацкі,  травень 2020