Праект “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” 

Да 1.09.2020 зьбіраюцца мастацкія тэксты (проза, паэзія) аўтараў і аўтарак (беларускіх, а таксама замежных), напісаныя па-беларуску і прысьвечаныя жыцьцю, досьведу геяў Беларусі. Творы могуць быць як рэалістычныя, так і фантазійна-ўтапічныя. 

Ідэя – сабраць і апублікаваць своеасаблівую анталёгію твораў аб жыцьці мясцовых геяў. Мэта: шляхам мастацкай літаратуры пазнаёміць чытацтва з жыцьцёвым досьведам геяў, пацікавіцца як і чым жывуць геі за аўтарытарызмам ва ўмовах афіцыйнай дэкрыміналізацыі гомасэксуальнасьці, але фактычнай маргіналізацыі як з боку дзяржавы, так і грамадзянскай супольнасьці. 

Варта нагадаць, што паўстаньне ў канцы 19-га стагодзьдзя ў заходнім сьвеце гей- і лесьбі-культуры – гэта ўжо вядомы і зацьверджаны факт. Факт, які пачаў мяняць заходнюю культуру, а разам зь ёю астатні сьвет. Факт, які дасюль не прымаюць у многіх культурах, напрыклад, у Беларусі. І ў гэтым паўстаньні літаратура займала і займае пачэснае месца: Андрэ Жыд, Жорж Экгаўт, Оскар Уальд, Марсэль Пруст, Віржынія Вулф, Эдуард Форстэр, Штэфан Цвэйг, Калет, Рашыльд, Клаўс Ман, Місіма, Кавабата Ясунары, Міхаіл Кузьмін, Гарсыя Лорка, Маргарыт Юрсэнар, Уільям Бэроўз, Гор Відал, Тэнэсі Ўільямз, Жан Жэнэ, Яраслаў Івашкевіч, Караль Шыманоўскі, Труман Капоце, Віялета Лед’юк, Мішэль Трамбле, Майкл Канінгем і многія-многія іншыя ня проста сталіся клясыкамі нацыянальнай і сусьветнай літаратуры, але спрычыніліся да фармаваньня гей- і лесьбіідэнтычнасьці, паўплывалі на гей- і лесьбі-рух. Літаратура стварыла новыя ідэнтычнасьці, эмансыпавала раней загнатыя, маргінальныя групы людзей. Мастацкая літаратура да ўсяго сталася правадніком для гей- і лесьбі-культуры, прытулкам, форумам для дэбатаў і апісаньня маргінальнага досьведу, інстытуцыяй, якая адной зь першых пачала легітымізаваць гомасэксуальнасьць. А яшчэ, як сьвечаць дасьледаваньні ў Бэльгіі і Квэбэку, літаратура ў апошнія дзесяцігодзьдзі дапамагла скараціць колькасьць самагубстваў сярод маладых геяў. Гэтаму фэномэну быў прысьвечаны нумар 21 “ПрайДзісвет’у” - сувязі літаратуры і гомасэксульнасьці, альбо кажучы мовай 21-га стагодзьдзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. 

У межах анталёгіі прозы і паэзіі “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” прапануецца звузіць кола інтарэсаў і сфакусавацца на сувязі літаратуры і мужчынскай гомасэксуальнасьці ў Беларусі. Дадзеная анталёгія не ігнаруе іншыя вымярэньні ЛГБТК – лесьбі, бі, трансгендар і квір, як і не адкідвае важнага інтэрсэкцыйнага падыходу да гендарнага змаганьня і эмансіпацыі, але проста спрабуе пакуль што пачуць, распазнаць голас гей-пісьма ці літаратуры, якая ахоплівае мужчынскую гомасэксуальнасьць. У пэрспэктыве бачыцца выхад ня толькі гей-анталёгіі, але таксама лесьбіанталёгіі і ЛГБТК. Што адбываецца, калі паняткі “літаратура” і “гомасэксуальнасьць” сыходзяцца? Што адбываецца, калі хлопцы пачынаюць выходзіць з-пад (гетэра)кантролю і пісаць пра свае адчуваньні, патрэбнасьці, задаволенасьці, але таксама і незадаволенасьці? Што нясе і прынясе нам гэты выхад з-пад кантролю пэўнай часткі грамадзтва? Шырэй гледзячы, цікава даведацца, што адбываецца, калі літаратура апісвае досьведы іншых: антычнага гамафільскага каханьня, садамітаў, ураністаў, упаднікаў, “блакітных”, інвэртаў, “гомагенных” ці больш вядомых нам цяпер геяў? Ці застаецца прыгэтым літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусьвет плоцевасьці, сэксуальнасьці, інтымнасьці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісаньні вайны, вёскі і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісаньні плоцевасьці, сэксуальнасьці, чульлівасьці? Ці існуе беларуская гейлітаратура? Калі так, у чым ейнае пасланьне? Гэта толькі прыблізнае апісаньне праекту і прыблізныя пытаньні, якія мы ставім перад сабою ў дадзеным праекце. 

Патрабаваньні: 

- Мастацкі тэкст.

- Напісаны па-беларуску (як на тарашкевіцы, так і на наркамаўцы).

- Перавага аддаецца малой і сярэдняй прозе (нарысы, аповяды, навэлі, аповесьці), прыгэтым прымаюцца і раманы. Абмежаваньняў у паэзіі няма. 

- Падаць тэкст да 1 верасьня 2020 году. 

- Тэкст ці тэксты просьба дапоўніць кароткай інфармацыяй пра аўтара, аўтарку, калі аўтарства не ананімнае. Прымаюцца тэксты падпісаныя псэўдонімам, а таксама тэксты ананімныя. 

Прапановы просьба дасылаць з пазнакай “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” на адрас: info@harbacki.eu