Пляц Цёткі

апавяданьне


Блізкая будучыня. Менск. 93-дзень нацыянальных судоў над Лукашэнкам і лукашэнятамі.


Паважнага веку спадарыня акуратна шпацыравала па Менску, які не спазнавала. Хоць яна даўно была тут апошняга разу – яшчэ за савецкім часам, аднойчы на пахаваньні дзядзькі. Але яна чытала, бачыла яго ў газэтах і тэлевізыі і, падаецца, мела добрае і дакладнае ўяўленьне як выглядае места-герой, места, у якім павінна была нарадзіцца яна… Але прыехаўшы зь Вільні спадарыня Бянігна зразумела, што малюнак значна адрозьніваўся ад сапраўднасьці. Цяпер у Менску ў яе нікога не было ані з родных, ані зь сяброўства, і яна прыехала сюды замежніцай, хоць і была беларускай. Лёс гвалтоўна аддаліў яе ад радзімы. 

Яна спынілася ў гатэлі, дзе пакаёўка амаль па-сяброўску на смачнай трасянцы распавяла ўсе сьвежыя і старыя навіны. Бянігна зьдзівілася такой простасьці мясцовых пакаёвак, бо ў Летуве ды іншых краінах, па якіх шмат вандравала кабета, пакаёўкі трымалі дыстанцыю, не дазвалялі сабе лішняга слова, наагул былі нябачныя і далікатныя. У Беларусі ж гатэльная пакаёўка пачувался гаспадыняй нумару ці нават паверху, але гэта зусім не раздражняла старую турыстку, гэтым разам ёй было прыемна, што ў вялікім месьце ў яе раптам зьявілася суразмоўка. Бо і так большую частку жыцьця яна была на самоце і жыла ў амаль аглушальнай цішыні. Пакаёўка нагаварыла ёй шмат: і пра свой заробак, і пра сваіх дзяцей, і пра нейкага сцуля, які хаваўся ў трэцяй не дабудаванай яшчэ лініі мэтро, дзе яго і злавілі, і пра белую цётку на цэнтральным пляцы, і пра страх выйсьці позна ўвечары на вуліцу і яшчэ шмат усяго. Прыгэтым яна нічога не выпытвала ў госьці сталіцы – гэта якраз і пасавала ёй, якраз праз гэта пакаёўка і не раздражняла госьцю. Толькі аднойчы недалікатная пакаёўка пасьмяялася з мовы госьці “Гой, баюся, так як вы па-беларуску ў нас ніхто не размаўляе, хіба што новая пракурорка, дык і тое таму, што яна з Канады”. Але і гэта ніяк не зачапіла дзіўную госьцю, якая прыехала па адной важнай прычыне – зусім не турысцкай. А таму думкі ейныя часта луналі недзе далёка, яна проста не заўсёды цалкам уважліва слухала немаладую і простую, бы ранак, пакаёўку.

Шчыра кажучы, госьця ня ўсе плёткі пакаёўкі зразумела выразна, хоць, безумоўна, яна была абазнаная ў навінах ды ў Беларусі наагул. У Вільні яна ня чула, каб злоўленага дыктатара называлі сцулём, а толькі бацькам. А вось тое, што новая паліцыя злавіла дыктатара ў недабудаванай трэцяй лініі мэтро яга чула, бо аб гэтым пісалі ўсе газэты з здымкамі зацкаванага і раптам сталага баязьлівым і брыдасна жаласным дыктатарам, які трыццаць год выстаўляўся залезным і адвечным. Яшчэ да злову ў тунэлі новай лініі мэтро беларусы празвалі яго сцулём, як распавяла гаваркая пакаёўка, а фоты злову гэта проста пацьвердзілі ўсім. Дзеці сцуля разьбегліся і ўцяклі ў Расею, якая апошнім часам прымала ўсю навалач сьвету. Толькі малодшы сын ня ўцёк, застаўся дома – чакаў на тату, а дачакаўся новай паліцыі. Пакаёўка так часта і сьмела выкарыстоўвала вульгарнае, як на слых госьці, слова «сцуль», што спачатку ёй было няёмка, але потым яна зразумела, што можа слова набыла іншае гучаньне і згубіла вульгарны налёт. 

Яе чакалі толькі пасьлязаўтра, таму я яна мела два дні, каб разгледзіць места, у якім забілі ейнага дзеда, места, зь якога сільма вывезьлі ейных бацькоў. Сталінскі гвалт зрабіў так, што Бянігна, якая павінна была стаць менчучкай, нарадзілася і стала карагандынкай, потым праз мужа віленкай. Ейны так і ня сталы родным Менск застаўся чужынскім местам, хоць і “нашай сталіцай”, як да скону паўтарала маці. І вось шмат дзесяцігодзьдзяў счакаўшы, чужая беларуска прыехала ў места сваіх бацькоў. У свае 81 год Бянігна толькі аднойчы была ў Менску сорак год таму. Бачыць места гвалту яна не жадала, з сьмерцю бацькоў яшчэ ў высылцы яна вынішчыла ў сабе ўсе памкненьні вярнуцца ў “нашу сталіцу” – сталіцай і местам, аб якім марыла асабліва маці, яна была хіба для бацькоў. Яна ж выбрала для сябе новую радзіму - Вільню, места ейнага мужа. Вільня і стала для яе сталіцай.

З трысьцінкай і ў вуалетцы старая незнаёмка зьдзіўляла сьпяшалых мінакоў - чамусьці многія думалі, што здымалі нейкі рэтра-фільм, а адна маладая жанчына па тэлефоне нават заўважыла камусьці на тым баку слухаўкі: “Божухна, тут такая файная цётачка шпацыруе, каб ты бачыла! Быццам з машыны часу выскачыла да нас з пачатку 20-га стагодзьдзя!” І гэта было амаль праўдай – Бянігна зьявілася ў цяперашнім Менску з даўніны і з адным пасланьнем…

А пакуль яна йшла і зьдзіўлялася няўтульнай прасторы менскіх вуліцаў і пляцаў і пачувалася ліліпуткай у краіне гулівэраў. Хутка яна заўважыла бялюткае вялікае пляма, што прыцягвала позірк раптоўна вялікім памерам на тле шэра-белага Дому ўраду. Перад будынкам узвышалася белая кабета, якая адразу нагадала тую, каго многія ведаюць з школьных падручнікаў – Цётку. Не адразу яна ўзгадала сваю пакаёўку і расповяд пра белую цётку – гэта была ня проста нейкая цётка ці кабета, а паэтка Цётка. Цяпер увесь пляц і станцыя мэтро так называліся “пляц Цёткі”. Ад Леніна беларусы ўсё ж такі пазбавіліся. Гэта б усьцешыла бацькоў, асабліва маці. Цяпер Цётка сымбалізавала беларускіх жанчынаў, якія сваёй “белай рэвалюцыяй” скінулі дыктатара. Цётка да ўсяго сымбалізавала наагул беларускую жанчыну, якую часта забывалі ў гісторыі і палітыцы. Сумна стаяла белая Цётка, але зусім ня сумам веяла ад вялікага помніка і навакольнага комплексу – відовішча ўражвала. Устурбавала, агаломшыла яно і Бянігну: ёй раптам стала спакойна і кудысьці адступіла ейная прынцыповасьць у нелюбові да места, якое забіла дзеда і выгнала бацькоў, да места, якое ня сталася родным.

*

Старая беларуска мела летувіскае грамадзянства, усе блізкія сваякі памёрлі, дзяцей у іх з ужо памерлым мужам-летувісам не было. Але бяссэнсіцай жыцьця ня мучалася, адзіноты яна не баялася, мела добрых сябровак, суседзяў. І хоць іх веры і паходы ў бажніцу яна не паддзяляла – прыязнасьць захоўвалася так добра, так натуральна. Адзіноты ня ведала Бянігна, бо ведала здаўна даступны чалавецтву такі просты сакрэт унікнуць страху і самоты - кнігі.

У вызваленым ад гвалту і дыктатуры Менску яна была ананімнай госьцяй і халоднай чужынкай. І у яе тым ня менш быў сакрэт, які апякаў яе знутры, але і прымушаў жыць, заставацца ў сьвеце, у якім так часта расчароўвалася немаладая кабета. Ня толькі кніжны сьвет апраўдваў ёй існаваньне - адно ня выкананае дасюль заданьне змушала ці, падавалася ёй часта, натхняла яе жыць далей.

Шпацыруючы па Менску, Бянігна нечакана падыйшла да сквэрыку з крыху страшнаватай манумэнтальнай кампазыцыяй – зь зямлі літаральна тырчэлі застылыя вужакі, якія імкнуліся з свайго кубла, у якім былі сотні падобных стварэньняў, якіх часта баяцца людзі. На невялічкім табло побач была пазначаная інфармацыя пра манумэнт, на месцы якога раней стаяў бюст Дзяржынскага, які паглядаў на будынак КДБ. Праўда, кабета так і не пабачыла будынку – там нічога больш не было, замест яго пазяхаў прагал. Жоўты сталінскі палац, у якім закатавалі тысячы, сотні тысячаў грамадзянаў, адразу пасьля арышту дыктатара разбурылі дазваньня – і пакуль там стварылі сквэр-пусташ, пасярод якога красаваў гіганцкі штандар з бел-чырвона-белым палотнішчам.

Бянігна чамусьці забыла, што ў навінах пісалі пра разбурэньне будынку КДБ, але яна не ўяўляла, як хораша і свабодна цяпер выглядала тое месца, нібыта яго пачысьцілі і вызвалілі ад згусткаў болю і гвалту, што зьбіраўся ў сьцянох, у цэглах палацу. Бянігна села на лаўку бяз боязі каля кубла каменных вужакаў і ўздумала, ці тут катавалі ейнага дзеда і бацькоў, ці ня тут выраклі дзеда на расстрэл, а бацькоў на казахскую ссылку. Яна крыху сунялася, падумаўшы, што благія ўспаміны, якіх яна магла даведацца, вырваліся і ўляцелі з сьценаў пачварнай жоўта-гарчычнай на фота катавальні. Яна пастаралася не нэрвавацца, кабета наказала сабе жыць, бо пакуль яна ня мела права хварэць, пагатоў паміраць. Паглыбленая ў сваіх думках, яна не заўважыла старога пана, які спыніўся ля вужакаў і глядзеў на яе. Яна ня ведала яго, ён быў крыху маладзей за яе – тыповы мясцовы пэнсыянэр, апрануты тыпова па-мужчынскай старой савецкай модзе, то бок зусім бяз моды, мэрам гулагаўскія ўніформы натуральна перайшлі потым у цывільнае жыцьцё, і людзі, асабліва мужчыны апраналіся ў абы-што. Мужчына выглядаў непрыемна, непрыемна ён і загаманіў зь Бянігнай:

Здрасьце! І вы ня можаце глядзець на тое, што зрабіла новая ўлада? Такі гмах зрынула! А я там, ведаеце пятнаццаць год вахтэрам адпрацаваў! Прахаджу цяпер міма і сьлёзы наварочваюцца, што нарабілася!

А я дык плачу ад радасьці, што катавальню гэтую зрынулі, бо тут забілі майго дзеда..., – кінула неразумнаму пану Бянігна і пайшла ў бок гатэля, не жадаючы нават глядзець на яго.

*

У цёплым нумары гатэля яна проста павалілася ў мяккі ложак. Балазе, яна была цалкам адна. Цяжкія шторы аберагалі яе ад вялікага, праўда, усё менш і менш чужынскага места. Яна часта думала пра тое, а што б было, калі бацькоў ня вывезьлі ў Казахстан і яна нарадзілася б у Менску!? Ёй часта хацелася быць менчучкай і зразумець мары маці вярнуцца на радзіму. Шмат год пасьля сьмерці маці Бянігна гнала гэтыя думкі-мары – ёй так утульна было ў дзівоснай адначасова кампактнай, але і нейкай расьцяглай, часам па-упадніцку змрочанай Вільні. Але вось яна так адкрыта вярнулася да тых мараў, не ажыцьцёўленых па віне іншых – уладцаў савецкіх, а пазьней і беларускіх. Так, апошнія таксама дужа злавалі Бянігну, бо на пачатку 90-ых мінулага стагодзьдзя яна атрымала ад новых уладаў нейкую паперку аб тым, што ейныя бацькі былі вывезеныя не на абгрунтаванай аснове, а дзед быў расстраляны зноў жа па палітычных матывах. І ўсё! Яна і так ведала, што яны вінаватымі не былі. Яна хацела прабачэньня, а яшчэ больш пакараньня засталых віноўцаў пры жыцьці – тады некаторыя зь іх былі яшчэ жывыя і дажывалі свой век не ў курапацкай яме, а ва ўтульных менскіх кватэрах. Яна хацела, каб ейная маці памёрла не маладой, а старой і, каб пахаваная яны была не ў далёкай Карагандзе, а ў родным Менску. Яна не дачакалася ані прабачэньня, ані публічнай глябальнай рэабілітацыі сотні тысячы, а мо’ і мільёны былых забітых і зьнявечаных землякоў. Бянігна ўсё жыцьцё злавалася, што нехта іншы пастаянна вырашаў за яе і кожнага разу адцягваў яе ад мараў. Але яна ведала, што можна дурыць мёртвых і глупых, толькі не яе, а яна была яшчэ цалкам жывая і разумная. Таму яна і прыехала цяпер у Менск.

На пэнсіі і ў адзіноце старая віленка спазнала смак кавярнай культуры – частага завітаньня і чытаньня ў кавярнях. Завядзёнку такую завяла яна яшчэ з мужам – у Вільні гэта было нармальнай справай, але з мужам яны хутчэй пілі каву і размаўлялі. А вось застаўшыся адна, Бянігна неяк пачала выхадзіць у сьвет з кнігай. Таму і ў Менску яна з ахвотай пачала дасьледаваць сьвет кавярняў. Знаходзіла яна і шыкоўныя кавярынкі, праўда, на ейную думку, Менску не хапала добрых тэрасаў. А яшчэ аднаго разу якраз у менскай кавярнцы зь ёю здарыўся казус: малады кельнэр, па ўсім відаць, не зразумеў беларускай мовы і на ейную замову “Кавы, калі ласка” прынес ёй не кавы, а бутлю Cava. Яна расьсмяялася, што выклікала зьдзіў кельнэра, да якога адразу падыйшла адміністратарка. Канечне, кліентцы прынесьлі прабачэньне і прынесьлі тое, што яна замовіла, але гэты інцындэнт зноў засмуціў старую кабету – яна зразумела канчаткова, што Менску ейнай маці больш даўно-даўно няма…

Вяртаючыся з чарговага шпацыру, яна заўважыла вялікія рэклямныя шчыты па ўсяму месту – рэклямы не любіла яна, таму спачатку праігнаравала і не разгледзіла зьместу. А амаль аднолькавыя рэклямныя шчыты былі проста паўсюль, быццам Менск раптам ператварыўся ў Лас-Вэгас. І ўвагу ейную раптам прыцягнулі асобы ў зладзеяватых падшаломніках на здымках. Яна спынілася, бы паралюшаваная. Госьця Менску пачала здагадвацца, што гэта за рэкляма. На ейным абліччы чаргавалася зьдзіўленьне з вусьцішшу, а пад канец зьявілася і нейкае цьмянае падабенства задавальненьня. Так, Бянігна ў некалькі хвіляў зьведала ўсю гаму эмоцыяў: вобразы мужчынаў у падшаломніках, якія хапалі і нявечылі люд на вуліцах беларускіх местаў, аднавіўся з такой выразнасьцю, быццам Бянігна бачыла іх не ў тэлевізыі зь бясьпечнай Вільні, а ўжывую. Быццам ажыў хапун, які зьнішчыў ейнага дзеда і выкінуў з краіны ейных бацькоў, а зрэшты і яе саму. Хапун, які сьмела гуляў па краіне цягам 20-га стагодзьдзя, але і лёгка перакінуўся ў 21-ае стагодзьдзе. Хапун, які сілкавала ўлада. Напятая Бянігна цікавала далей: на вялікім здымку з аднаго боку быў партрэт чалавека ў хапунскім падшаломніку, а з другога боку месьціўся партрэт гэтага ж самага чалавека, але без падшаломніка, у звычайным выглядзе, як ён пасьля хапуну вяртаўся ў сям'ю. А ўнізе была інфармацыя аб тым як зваць гвалтаўніка, былога міліцыянта ці вайскоўца, колькі чалавек ён зьнявечыў, зьбіў, што прысудзіў яму суд і ці былі спрычыненыя сваякі да ягонай «ганаровай» актыўнасьці. Плюс коратка ўзгадвалася чый загад ён выконваў. На гэтым здымку да ўсяго была пададзеная інфармацыя пра адрас ягонага цяперашняга зьняволеньня, на які грамадзяне маглі даслаць яму лісты. Уражаная, узрушаная і нават напалоханая Бянігна перачытвала інфармацыю і не магла паверыць, што беларусы адважыліся на такое. Бянігна моўчкі пракаўтнула непрыемны клубок у горле і ёй раптам стала так вольна, так лёгка. Яна і ня ведала, што ўсе гады жыла з гэтым каўтком, які перашкаджаў ёй дыхаць напоўніцу, каўтком, сталым нібыта натуральным, але які, насамрэч, блякаваў шляхі дыханьня, шляхі паўнавартаснага жыцьця. Мусіць, усе беларусы, а раней усе савецкія жыхары жылі па віне і волі гвалтоўнай улады з такім вось каўтком, як у Бянігны. А таму і дыхаць нармальна не маглі, што і на сьвет глядзець паўнавартасна замінала. Чамусьці заплакала старая, бо падумала, што нават у Вільні з вольнымі летувісамі і мужам яна жыла з каўтком, ад якога не магла пазбавіцца, пра які дасюль і ня ведала. Каўтком, які быў бы горб, які яна нават не заўважала…

Старая турыстка пайшла па прашпэкце, на якім праз кожныя 50 мэтраў стаялі шчыты, дзе была не рэкляма, як ёй падавалася раней, а ўсё новыя і новыя партрэты служак хапуну ў вусьцішных падшаломніках. Яна ўзіралася ў партрэты, бы фатаграфавала іх, бы мацала іх, спрабуючы патрапіць да іх у мозг і зразумець мэханізмы чалавечых гвалтоўнасьці і дурасьці. Ля трэцяга партрэту яна прачытала, што гвалтаўнік уцёк у Расею і знаходзіцца ў дзяржаўным вышуку, але можна напісаць жонцы «героя», якая публічна ў прэсе падтрымлівала і апраўдвала працу мужа. Жонцы «героя» можна было нават патэлефанаваць – нумар тэлефону быў пазначаны белым на сінім. Госьця йшла далей і далей, спыняючыся ля кожнага шчыта, чытаючы ўсе тэксты, бы і яна спрабавала адшукаць спрычыненых да забойства дзеда. Яна хацела пабачыць партрэт таго, хто даў загад растраляць яго, партрэт таго, хто забіў яго. Толькі так можна было б паспрабаваць спыніць гвалт у будучыні думалася старой кабеце, якая на прашпэкце ў цэнтры Менску шукала забойцаў свайго дзеда. Партрэты сучасных дзяржаўных гвалтаўнікоў часова сунялі яе, пераканаўшы ў тым, што законнасьць можа ўсталявацца ўсюль, нават у Беларусі стагадовых хапуноў і нібы бязупыннага беззаконьня…

*

У ці не найважнейшы дзень у сваім жыцьці Бянігна прачнулася рана. Хоць і так ў старэчы яна штодня прачыналася рана. Але сяньня яна ўскінулася на гадзіну раней звычайнага, калі за вакном толькі-толькі ачомваўся сьвітанак. Урачыста апрануўшыся ўва ўсё белае, яна спусьцілася ў рэстарацыю на сьняданак. Марудныя кельнэркі ўрачыста кружыліся каля кабеты, адказваючы ёй па-беларуску: ці то хочучу зрабіць замежніцы прыемнасьць, ці то таму, што яны сапраўды самі размаўлялілі па-беларуску. Пазбавіўшыся каўтка, пра які яна нават ня ведала, Бянігна пачувалася лёгка, бы на сто коней сеўшы. Яна і не спрабавала сяньня разабрацца ўва ўсіх дробязях і матывах людзей навокал.

Урачыста выйшла на шпацыр. Ногі нясьлі яе да Цёткі, якая самотняй гулівэркай стаяла на пляцы і белью асьвятляючы цьмяны ранак, а яшчэ, падалося старой, будучыню без нявольніцкіх каўткоў. На шчыты больш не глядзела – наглядзелася жуды ўчора, хацелася да суду набрацца цяплыні і ўпэўненасьці.

Урачыста села і ў таксоўку – сілаў на даўгі шпацыр больш не было.

*

Калі Бянігну запрасілі ў залю суду, яна раптам усхвалявалася, але адразу і сунялася, бо падумала пра маці зь Менску, пахаваную далёка-далёка ад любага места. Вобраз маці заўсёды супакойваў, пра яе і думала Бянігна, асабліва ў моманты трывожлівыя. У прынцыпе, дзеля даўно памёрлай маці яна сяньня была тут. Яна чула, як сухі голас зачытваў:

– Суд запрашае наступную замежную абвінаваўцу былога прэзыдэнта грамадзянку Бянігну Бяляўскую.

Старая госьця сьмелым сягам увайшла ў прасторную залю, набітую людам: журналістамі, паліцыянтамі і іншымі. На хвільку настала цішыня, гаманлівыя і, як падалося ёй, знэрваваныя людзі, паглядзела ў ейны бок і ў вачох яна прачытала зьдзіў, а яшчэ несхаваную цікаўнасьць. Паліцыянты таксама адкрыта зірнулі на кабету ў белым. Кармінавая вуалетка кабеты ў белым хавала ейны позірк і прыцягвала ўвагу, таму Бянігна адкінула яе, каб цалкам паказацца суду і прысутным. Спадарыня судзьдзя ўважліва назірала за ўсім, асабліва за новай экстравагантнай сьведкай, і потым запытала:

– Ці патрэбны спадарыні Бянігне Бяляўскай перакладнік? На ангельскую? Расейскую?

– Думаю, спраўлюся па-беларуску, спадарыня судзьдзя, дзякуй! – дадала сьведка.

Журналісты кляцалі сваімі апаратамі, проста прысутныя на судзе ротам глядзелі на абдывалае і чамусьці ўсім падавалася, што здымаецца нейкі гістарычны фільм, а ня йдзе рэальны суд над дыктатурай. Журналісты без эмоцыяў нешта занатоўвалі ці тыцкалі пальцамі ў сваіх прыладах. Простыя разявакі маўчалі, але па іх тварах чыталася “ну, што можа гэтая бабуся зь нейкай тэатральнай дзіўнай пастаноўкі?”.

– Цешуся, - неяк зь весялінкай працягнула судзьдзя. – Тады працягнем. Мы маем ваш пісьмовы зварот, аднак прашу голасна вас сказаць суду ў чым вы абвінавачваеце былога прэзыдэнта. Можа вы маеце дадатковыя зьвесткі…

Напялася цішыня, нібыта застыг судовы сакратар за пісальным апаратам, які рэгіструе-занатоўвае размову. Бянігна паглядзела на сонца ў вакне, уздумала пра маці, раптам пра гатэльную пакаёўку і проста сказала:

– Прычына па якой я тут адна…Я абвінавачваю былога дыктатара (бо былы прэзыдэнт – гучыць для мяне занадта пашанотна) у сцульстве…

Цішыня вісела ў залі, як і раней, але яна была нейкай гучнай, гаварлівай, з патрэскам: міргала вачыма судзьдзя, сакратар пачаў пісаць і спыніўся, бы баяўся занатаваць слова “сцульства”, журналістам заняло, яны нават забыліся клацаць фотаапаратамі, а ў разявакаў раты акругліліся яшчэ выразьней. І толькі было чутно, як ціхама выціснуў зь сябе паліцыянт-ахоўнік: “Нешта новенькае!” І гэта вывяла судзьдзю з паўзы:

– Шаноўная спадарыня, вы разумееце, што ў кодэксе няма такога артыкулу абвіначваньня – сцульства?

– Безумоўна, ведаю. І тым ня менш я настойваю на гэтым.

– Калі ласка, патлумачце суду, што вы маеце на ўвазе.

На дзіва ўсім, строгая і прынцыповая звычайна судзьдзя не прыпініла новую абвінаваўцу за парушэньне культуры маўленьня ў судзе. Усе зноў слухалі ротам кабету з вуалеткай:

– Згодная, шаноўны суд, што няма такога артыкулу ў Кодэксе, але ці ўсё ахоплена Кодэксамі? Разумею, што абвінавачваньняў беларусаў Беларусі ў бок дыктатара ўжо хапае, каб прысудзіць яму пажыцьцёвае пакараньне. Але я тут, каб усяго толькі дапоўніць сьпіс злочынаў і папускаў, учынёных дыктатарам. Я тут, каб нішто не засталося па-за ўвагай суду. Ведаю, што беларускі дыктатар не адказны за злочыны савецкага дыктатара Сталіна, але беларускі дыктатар спрычынены да прызнаньня ці непрызнаньня злочынаў папярэдніка. Мой дзед Язэп Бяляўскі, менскі месьціч, быў расстраляны ў Менску ў 1937 годзе, а мае бацькі былі высланыя ў Казахію. Беларускі дыктатар так і не прызнаў публічна і паўнавартасна савецкай віны ў сьмерці сотні тысячаў беларусаў, у сьмерці майго дзеда, кінутага ў яму недзе ў Менску. Беларускі дыктатар насьмяяўся з забітых, абяліўшы вобраз Сталіна. У гэтым я і бачу, выбачаюся, “сцульства” дыктатара. Ведаеце, пакуль не прыехала ў Менск, я сабе так не называла злочын дыктатара. Але ў гатэлі пакаёўка так проста распавяла мне пра “сцульства былога прэзыдэнта”, пра “сцуля”, як яго называлі апошнім часам беларусы, што я з гумарам паглядзела на ўсё, на ўсе жахі ўлады – папярэдняй і апошняй. З гумарам, але без дараваньня. Таму я тут. Я прыехала зь Вільні, я – беларуска-замежніца. Але ж я стала замежніцай зноў па волі дыктатараў: маіх бацькоў-менчукоў выгналі зь Беларусі, яны памёрлі ў Карагандзе. Да апошняга ўздыху мая маці марыла вярнуцца ў любы Менск… Зразумела, ніхто ня ў сілах зьмяніць час, гісторыю, але ў сілах палітыкаў прызнаць віну – не сваю, а спачатку папярэднікаў, і пастарацца пазьбегнуць паўтораў жуды, сьмярцей сваіх грамадзянаў. На гэта не пайшоў былы дыктатар з сваімі паддыктатарчыкамі, праігнаравалі ўсё, а часам нават і насьмяяліся з памяці, з забітых, але і з нас, родных забітых… Гэтага няма, спадарыня судзьдзя ў вашых Кодэксах, таму я і дазволіла сабе абвінавіціць былога дыктатара проста ў сцульстве… Вы, мяркую, зможаце падкарэктаваць мяне юрыдычна і дакладна клясыфікаваць мае абвінавачваньне…У мяне ўсё, шаноўны суд. 

Зноў паўтарылася цішыня – толькі апошняга разу кляцнуў па пісальным апараце сакратар, ужо сьмялей набраўшы не такое скандальнае як спачатку заключнае слова прамовы. 

Бянігна ўсьмяхнулася судзьдзе, скінула вуалетку на вочы і пад аплядысмэнты пакінула суд.

*

Вечаровым цягніком Бянігна вярталася ў Вільню. Вядома, спакойнай у любым матчынавым Менску яна быць не магла – паветра, места былі надзвычай наэлектрызаваныя ўспамінамі, роспаччу, але і ўсё большымі спадзёвамі. Зноў атакоўвалі яе думкі пра тое, а што было, калі б уся сям’я была цэлая і жыла ў Менску. Адказаў на гэта не існавала. Яна дапускала, што магло быць усё: пад прэсам гвалту людзі так зыначваюцца! Яна магла стаць геройкай, як цяперашнія жанчыны ў белым, якія скінулі сцуля, але яна магла б стаць такой, як сустрэлы ёю пэнсыянэр, які шкадаваў збурэньня “прыгожага будынку”. Насамрэч, госьця набылася ў Менску, яна нібы выканала запавет маці – на час вярнулася сюды, дзе завязалася гісторыя ейных бацькоў. Яна выступіла ня толькі дзеля бацькоў, але і дзеля забітага, так ніколі не спазналага ёй дзеда, які быў закапаны недзе тут пад нагамі. З вакна гатэля яна зноў падкрадня палюбавалася вялізарнай Цёткай, усьцешылася, што воля і мара маці набылі сілу ў Беларусі. Сеўшы на кушэтку ў гатэлі, яна пашкадавала, што побач не было супакойнай пакаёўкі. Яна моўчкі ўсьмяхнулася, прыгадаўшы такое простае і трапнае азначэньне – сцуль

Яна ведала, што адказ суду атрымае па пошце, а таму паціху пачала зьбіраць сваю маленькую валізу і думаць пра свой утульны кніжны сьвет у віленскай кватэрцы, у якой калі-небудзь усё завершыцца і для яе…

Уладзь Гарбацкі, кастрычнік-лістапад 2020, Вільня