Плачка ў падшаломніку

Казка для дарослых


Апошнім часам яна спала нэрвова, часта прачыналася, круцілася ў гарачым ложку, бы вужака на патэльні. Калі засынала, то нібы валілася, ляцела ў бяздоньне. Пачала піць нейкія моцныя фінскія парашкі ад бяссоньня. Тады спала каменным сном, прачыналася ўранку, а ў галаве званы білі. Бегла адразу да вакна, схаванага за цяжкімі і цьмянымі фіранкамі, падкрадня зіркала на сьвет, глядзела ў двор, быццам баялася чагосьці, кагосьці. Дзяржаўныя ціхары ў вусьцішных падшаломніках працавалі на яе, аберагалі тую, хто ў чарговы раз падрабіла выбары. Яна крыху супакойвалася, калі бачыла ахову. Бегла да ўваходных дзьвярэй, зіркала ў вочка, бы чакала госьця. Ведала, што і ў пад’езьдзе дзяжурыць ціхар, прыстаўлены ІМ, каб зьберагчы ЯЕ. Зрэдчас у дзьвярное вочка бачыла старую суседку, жонку былога, яшчэ бээсэсэраўскага чыноўніка, нейкага там міністра: тая часта на крыху спынялася ля дзьвярэй падробніцы выбараў і паказвала ў вочка скручаную дулю. Яна адскоквала ад дзьвярыны. Пакрыўджаная, абураная. Але ніколі не жалілася ЯМУ на суседку. Вырашыла, што ня будзе драбязіцца і застанецца сапраўднай арліцай, якая ля свайго гнязда не ганяе галубоў…

Доўга соўгалася па хаце, піла каву без кафэіну, думкі цяжкія атакоўвалі дзяржаўную лгарку. Званы ў галаве білі слабей, гаспадыня вялікай кватэры пачала думаць пра нетурботнае, як раптам пачула шум у пад’езьдзе, нейкі мужчынскі ўскрык і званок у кватэру да яе… Яна падскочыла, паляцела да вочка, якое зьнітоўвала яе з сьветам. На тым баку дзьвярэй нікога, нічога не было. Яна рванула ў салён па тэлефон, каб спытаць у міністра ўнутраных справаў, што ж дзеіцца. У салёне спэцмабільніка не знайшла, пабегла ў спачывальню і раптам закрычала нема на ўсю хату… Бо на ейным ложку акуратненька на самым беражку сядзела нейкая дзіўная кабета ўся ў белым і сама белая, як ліпіначка, у падшаломніку, якія носяць цяпер жаўнеры ці амапаўцы, і зь велічным вянком палявых кветак на галаве, якія звычайна плятуць на купальле. Лгарцы аж заняло ад страху, яна забылася пра тэлефон, але зь цяжкасьцю сабралася і выціснула зь сябе:

Хто вы такая? Што вы робіце ў маёй кватэры? Я патэлефаную ў міліцыю, вас арыштуюць за пранікненьне ў чужую кватэру! Зараз жа сыходзьце адсюль, вы што… Вы ведаеце, хто я такая! Я… ад абурэньня і страху яна не змагла закончыць.

Дзіўная кабета маўчала, бязгучна і так вусьцішна ўсьміхалася, што лгарку працяло яшчэ большым страхам. Гаспадыня зьнячэўку ўзгадала, што спэцмабільнік быў у яе ў кішэні, і схапілася за яго, як за ратавальнае кола, нэрвова выхапіла яго з кішэні халату, баючыся, каб госьця ня кінулася на яе, і пачала набіраць нумар самога міністра К., але госьця сядзела мірна, і, як на ліха, не было злучэньня… І тут упершыню словам умяшалася дзіўная хімерная госьця:

Не старайцеся, Лідачка! Злучэньня няма. Памятаеце такое афіцыйнае тлумачэньне: “Сувязі няма па просьбе ўладаў”? Я адлучыла сувязь у вашым раёне… Супакойцеся, Лідачка! Я ведаю, хто вы, усе ведаюць вас у Беларусі. Цяпер вас ведаюць куды лепей за мяне, але ж і я нікуды ня дзелася…

Раптам Лідачка пабачыла на падшаломніку госьці чырвоную плямку, падобную да крыві, якая нібы замаруджана сьцякала на ейную белую бялізну:

У вас кроў… - пачала гаспадыня.

Так спакойна, бы ўсяго толькі морсам запэцкалася, адказала госьця:

А, гэта не мая, не хвалюйцеся. Гэта кроў Артура, вашага пад’езднага ціхара. Ён не хацеў паказваць мне свой твар, а я так люблю бачыць твар чалавека, зь якім размаўляю… Ён супраціўляўся да апошняга, я словам прасіла яго, а ён, ведаеце, падняў руку на дзяўчыну, на мяне…Такія цяпер манеры ў вашых мужчынаў! І потым, я даўна хацела прымерыць гэты падшаломнік. Ці пасуе ён мне?

Але госьця і не чакала адказу гаспадыні. Гаспадыня зразумела, што Артура хутчэй за ўсё няма ў жывых, а гэта значыла, што маладзіца лёгка расьцісьне і яе. Гаспадыня ў шоку зразумела, што да яе ў хату ўварвалася вар’ятка. Але як яна ўвайшла – дзьверы зачыненыя на ўсе засаўкі, вокны, бальконы амаль забарыкадаваныя, як яна ўвайшла ў хату? Сыгналізацыя працуе, а яна б спрацавала імгненна, калі б нехта паспрабаваў звонку патрапіць у апартамэнты магутнай гаспадыні… Госьця ж сядзела на ложку, бы толькі што прачнулася і ўзьнялася зь яго, і ленавата працягвала гутарку:

Такія падшаломнікі я бачыла ўжо раней – даўнавата, мо’ у пятнаццатым ці сямнаццатым стагодзьдзі, не прыгадаю... Яны зноў у модзе, дзіва, як мода рэгулярна вяртаецца! Лідачка, прысядзьце, што стаяць! Праўды ў вас няма ані ў нагах, ані ў… Злучэньня ўсё адно пакуль няма. Патэлефануеце пазьней – праз гадзінку. 

Гаспадыня адразу ж падпарадкавалася і села ў фатэлю побач.

Лідуля, а ці пазнаеце вы мяне? Паглядзіце на мяне, калі ласка, – запытала госьця, сьцягнуўшы з аблічча мешкаваты і завялікі для яе падшаломнік.

Лідуля ўглядалася ў сярэдняга веку вабную жанчыну, якая выглядала крохка і маладжава, але ў вар’ятцы, якая забіла Артура і распавядала гісторыйкі пра пятнаццатае ды сямнаццатае стагодзьдзе, яна не пазнавала нікога з знаёмых ці сустрэтых раней людзей. А ў гаспадыні кватэры была выдатная памяць на твары. Яна сілілася прыгадаць перш-наперш усіх апазыцыйных журналістак, якія часта зьеднічалі зь яе цягам дзесяцігодзьдзяў, але твар нахабна паўсталай у яе ў гасьцях жанчыны ў вянку яна не пазнавала, яго дакладна бачыла ўпершыню. Штосьці было ў ім такое, што схіляла паверыць у зьяўленьне гэтае вар’яткі зь мінулага. І Лідачка дужа шкадавала, што не было сувязі – яна б умомант выйшла праз міністра нутраных справаў на гэтую асобу. Госьця зноў перарвала ейныя думкі – і так, быццам чытала іх:

– Яшчэ сорак хвілінаў ня будзе злучэньня, потым сюды прыедуць вашыя апэратыўнікі… і не таму, што яны згубілі вас, а таму, што сцуляваты пэнсыянэр зь першага паверху і ваш адданы прыхільнік знойдзе цела Артура, стары патэлефануе ў міліцыю…Але ладна, у нас яшчэ з вамі цэлыя сорак хвілінаў…І міністар ніяк не дапаможа вам знайсьці мяне, паверце, Лідачка – я адбіткі свае яму не здавала. Ды і вы самі не захочаце выстаўляцца вар’яткай, праўда? Хто вам паверыць, што жанчынка ў вянку зьявілася ў вашай хаце, села на ваш ложак, тады як дзьверы зачыненыя, а сыгналізацыя і камэры нічога не паказваюць… А Артурчыка вашага ніхто не пашкадуе – няма каму: ані сям’і, ані маці. Ягоная дзяўчына і тая зьбегла ад яго, гада печанага. І для грамадзтва ён быў небясьпечны – самі ведаеце… вы ж самі джынаў такіх выпусьцілі ў сьвет…

Лідачка лыпала вачыма ад усяго пачутага, ёй рабілася блага і горача, яна баялася і падумаць, што яе чакае ў бліжэйшыя сорак хвілінаў ва ўласнай кватэры! Яна спрабавала хітрыць і размаўляць з забойцай – так, яна чула, раілі псыхолягі – спрабуйце загаманіць тэрарыста ці забойцу:

– Я вас нідзе ня бачыла, бо маю добрую памяць на твары. Мы раней не сустракаліся.

– Гэта праўда, мы яшчэ не сустракаліся… Але сяньня, дадушы, наш дзень знаёмства… – загадкава закончыла госьця.

Лідачка сьпяшалася далей загаманіць яе:

– Я ня ведаю вашага імя, чым вас зваць? Як зьвяртацца да вас?

Госьця сядзела і далей загадкава, з хітрынкай прымружыўшы вочы, аглядала кватэру:

– Калі каму назавеце маё сапраўднае імя, то трапіце ў Навінкі. Таму без патрэбы вам маё імя… Той, хто не пазнае мяне, у няведаньні і застаецца… Толькі відушчыя ацалеюць розумам пасьля стрэчы са мною… І ня бойцеся вы так, Лідачка, не заб’ю я вас, як Артура, я да вас па іншае прыйшла. Я б і яго не чапала, але ёлуп кінуўся на мяне біцца…

Госьця ўстала, гаспадыня ад страху ўціснулася ў фатэлю. Госьця падыйшла да вакна, адшмаргнула фіранчыну – праз шкло вакна быў бачны цалкам закратаваны балькон. Кабета ў вянку падалася зьдзіўленай:

– Вы жывяцё у турме. Ад каго можна так хавацца на чацьвёртым паверсе?!

І, як зазвычай, яна ставіла пытаньні, адказаў на якія і не чакала. Ейная хада выклікала нейкае пашоргваньне, бы шмат цэляфанаваных каляных пакетаў церліся адно аб адное. Зь вянка дзівачкі сыпаліся крохкія кветкі і лісьце, але Лідачка ротам глядзела на ўсё, бо да падлогі яны не даляталі, іскрыліся і проста зьнікалі. Лідуля падумала, што ўсё! – у яе галюны, ёй мроіцца, здаецца, вярзецца – і сама госьця не рэальная, а вынік піцьця фінскіх моцных парашкоў. Але і пасьля частых мірганьняў-лыпаньняў вачыма госьця рэальнай вусьцішнай казкай заставалася ў кватэры. Процьма думак раілася ў галаве Лідачкі, яна касавурылася на не такую ўжо і страшную госьцю, якая лёгка перамяшчалася па хаце, аглядаючы ейнае начыньне. Лідачка старалася разагнаць думкі, бо прадчувала, што госьця зноў агучыць іх. Так і сталася:

– Лідачка, вы ўсё слушна падумалі…так, жанчыны ў белым, якіх бачыць увесь сьвет апошнія тыдні па ўсім сьвеце, так, ужо бліжэй, цяплей, дакладней…Не адганяйце гэтую думку, яна слушная. І я ж таксама ў белым…Усе жанчынкі ў белым на вуліцах беларускіх местаў – гэта мае дзеўкі, мы разам… А вось думку пра Сашу і міністра лепей адганіце – яны вам ніяк больш не дапамогуць – я наведаюся і да іх… Лідачка, думайце пра сябе…

Лідачка ці Лідуля нават і не злавалася на такую манеру названьня з боку невядомай – ёй нават недзе ўнутры было прыемна, бо так звала яе даўно-даўно матуля – пяцьдзесят гадоў таму апошняга разу яна чула гэтыя словы “Лідачка” і “Лідуля”. Але ў расчуленасьць не ўвалілася жалезная гаспадыня закратаваных апартамэнтаў – не змагла б, і ёй не дала госьця:

– Так, Лідачка, усе мамкі цудоўныя, і яны не вінаватыя, што часам пускаюць у сьвет злыдняў…

Вяночная пачала зноў раздражняць гаспадыню сваімі кплівымі недагаворкамі. Гаспадыня ўжо не баялася думаць і марыла, як яна расправіцца з гэтай ненармальнай, як яна кіне на пошук усіх ціхароў і міліцыянтаў Менску. Ужо павінна было зьявіцца злучэньне з выратавальным сьветам…

– Лідуля, шкада, вы так нічога і не зразумелі… я крыху яшчэ спадзявалася, але няхай і так…Гэта ваш выбар… Нават сьмерць Артурчыка ня вучыць вас, ані сьмерць блізкіх людзей раней…Праз тры хвіліны я падлучу вас… Мой падарунак вам будзе просты – я назаву вам сваё імя-праклён, а што будзе далей, ужо ў хуткім часе станецца палёгкай для ўсіх… Жанчыны ў белым прынясуць краіне свабоду…

На завяршэньне дзівачка зноў апранула на сябе падшаломнік – і так, што вянок застаўся цэлы, нават ніводная кветка не скуламацілася. Уціснутая ў фатэлю Лідачка, якая чакала гвалтоўнай расправы, напялася ўся, каб прыняць удар, і заплюшчыла вочы, але нічога не надаралася… Яна расплюшчыла вочы – і нікога, апроч яе самое, больш не было ў пакоі… Яна праскуголіла: “Дзе ты? Дзе вы? Га?” Цішыня, ані шоргату, ані патрэску іскорак зь вянка. Гаспадыня сунулася ў салён, калідор, кухню – ненармальная ў падшаломніку зьнікла нечакана, як і зьявілася. Лідачка вярнулася ў спачывальню – толькі крывавая плямка была на прасьціне, гэта быў адзіны сьлед уварваньня ў ейны бункер. Нешта кляцнула ў калідоры, заміргацеў на ўсе лямпачкі мадэм, у кішэні забаўкаў мабільнік – прыйшло нейкае пасланьне. Лідуля выцягнула апарат – зь невядомага нумару для яе было кароткае паведамленьне: “Як і абяцала, маё імя – Плачка”.

Знэрвавана яна пачала тэлефанаваць на сакрэтны нумар: 

– Юра, дзе вы ўсе дзеліся! Мне пагражалі, мяне ледзь не забілі, а вы бібікі б’яцё. Артур, хутчэй за ўсё, забіты, я цэлая…А дзе астатнія хлопцы? Але я выкрыла завадатарку ўсіх маніфэстацыяў. Яна спрабавала забіць мяне. Я ведаю ейнае імя, мы знойдзем яе… Чакаю цябе… хутчэй!

Пасьля яна баўкнула і ЯМУ:

– Саша, я ўзяла сьлед завадатаркі перавароту, які рыхтавала апазыцыя… Гэта баба, уяўляеш?! І ненармальная – шалёная артыстка з Навінак. Яе зваць – Плачка. Усё распавяду, мяне ўсю калоціць, яна была ў мяне ў кватэры, уяўляеш? Не, не хвалюйся – я цэлая.

У чаканьні дапапогі ёй раптам стала блажэць. Яна пабегла на кухню, пакорпалася ў аптэчцы, выпіла супакаяльны парашок і нібыта крыху сунялася. Калі міністар з цэлай хеўрай падшаломных і сцуляватым суседам-пэнсыянэрам пазваніў у дзьверы, Лідачка адамкнула іх – ёй чамусьці прыгадаліся слова вар’яткі: “Толькі дасьведчаныя ацалеюць розумам пасьля стрэчы са мною…” – і павалілася проста ў рукі міліцыянтаў.

Ачомалася Лідачка ўжо ў прэзыдэнцкім шпіталі. Першае, што яна пабачыла, і што выклікала страх, – жанчыны ў белым – простыя мэдычкі ў масках, без вянкоў, але ў шапачках, якія хадзілі па палаце і нешта парадчылі. А калі ў палату ўвайшла дактарыца ў белым халаце, Лідачка ўскрыкнула, бо кабета дужа была падобная да госьці ў падшаломніку:

– Гэта вы? Зноў вы? Арыштуйце яе! Гэта яна арганізоўвае ўсе маршы і мітынгі ў Беларусі! Прэч! Плачка!

Усе прысутныя ў палаце пераглянуліся, ахоўнік Мартын нешта некаму буркнуў па тэлефоне. Дактарыца наблізілася да хворай, а таксама мэдычкі атачылі яе:

– Казіміраўна, зрабіце ўкольчык Лідзіі, у яе зноў выбух узбуджанасьці, – вымавіла лекарка. – Лідзія, гэта я, Інга Вітальеўна, прэзыдэнцкая лекарка. Таварыш прэзыдэнт папрасіў, каб я занялася вамі. 

У той самы момант у палату ўвайшоў міністар, якога па тэлефоне з дому Лідачка называла Юрыем. Мэдсястра зрабіла ўкол, і ўсе, як па загадзе, пакінулі палату – ніхто нават не спрабаваў сказаць яму, каб ён ня мучыў хворую. Міністар застаўся з Лідуляй сам-насам. Ён нахіліўся да ейнага вуха і прашаптаў:

– Ліда, жанчыны з прозьвішчам Плачка не зарэгіставана ў Беларусі. І ваш тэлефон пусты – там не знайшлі ніякага пасланьня, – выйсьці на ейны сьлед не ўдаецца. Вы ўпэўненыя, што бачылі жанчыну ў сваёй кватэры?

Узбуджаная яшчэ раней Лідачка амаль закаркала на ўсю палату:

– Ты мяне за дуру трымаеш! Вядома, я бачыла нейкую вар’ятку ва ўласнай кватэры!

Азадачана міністар працягваў шаптаць:

– Але камэра нічога не зафіксавала, нічога – паўсюль толькі вы, увесь час вы, Ліда. Вы бегаеце, мітусіцеся па хаце і ўсё… адна… Жменямі п’яце лекі, і гэта ўсё, што ё на запісе. І сыгналізацыя не спрацавала на пранікненьне…

– Як адна? А Артур ці жывы? Гэта я выдумала?

– Артур забіты…

– Дык вось вам і доказ… Ці, можа, я яго адным пляскачом ці сілай думкі забіла? А кроў дома на прасьціне ў спачывальні, вы правяралі?

– Так, кроў на прасьціне і на кіліме – гэта Артурава…

Па ўсім відаць, на Лідачку пачынаў дзейнічаць укол, вочы ейныя пачалі закотвацца, міністар зрэшты ацьверазеў і зразумеў, што ня варта больш перанапружваць магутную чыноўніцу. Чыноўніца прачытала нейкую шкадобу на пысе міністра, у галаве ёй зноў усплылі словы вар’яткі, якую нідзе не маглі знайсьці, - “Мой падарунак вам будзе просты – я назаву вам сваё імя-праклён, а што будзе далей, ужо ў хуткім часе станецца палёгкай для ўсіх…” – і яна ўвалілася ў беспрытомнасьць. 

Афіцыйныя каналы трубілі на ўсю краіну важную навіну: “Тэрміновае паведамленьне. Нарэшце, дзякуючы правераным крыніцам, выкрытае імя завадатаркі антыўладнага рокашу – Плачка. Гэта кодавае імя польскай агенткі, якая з жніўня зладзіла масавы пратэстны рух у Беларусі, які спаралізаваў амаль усё публічнае жыцьцё краіны. Плачка вышукваецца ня толькі беларускімі органамі, але і органамі хаўруснай дзяржавы. Польшчы выстаўлены чарговы пратэст за правакацыю беспарадкаў і антыбеларускае стаўленьне, польскі амбасадар выгнаны з краіны…”. На слупах, афішах, дзьвярох публічных установаў усіх местаў, мястэчак і вёсак Беларусі красаваўся партрэт Плачкі – маладзявай жанчыны ў вянку, намаляваны з памяці Лідачкі, якая і была гэтай “праверанай крыніцай”. Калі ж угледзецца ў партрэт Плачкі, то вобраз любой беларускай кабеты, калі ўкаранаваць яе прыгожым вянком, станавіўся падобным да шуканай вар’яткі. Такім чынам, патэнцыйна ўсе жанчыны беларускі станавіліся падазронымі… А назаўтра пасьля навіны на вуліцы беларускіх местаў і вёсак пачалі выходзіць сотні тысячаў беларусак ня проста ў белым, але і ў вянках, каб салідарызавацца з Плачкай, якая не забылася на сваіх дзевак…

Калі Лідачку прывезьлі дамоў і пакінулі адну, яна пачала баяцца заставацца на самоце. Ёй часта думалася, што госьця вернецца да яе, а ранкам ёй вярзлося, што Плачка зноў сядзіць у яе ў нагох на ложку. Незважаючы на моцныя парашкі і ўколы, яна зноў спала нэрвова, круцілася, часта падбягала да дзьвярыны й зіркала ў вочка. І зноў калі-нікалі старая суседка, якая перажыла мужа-бээсэсэраўскага міністра і, як падавалася Лідачцы, перажыве ўсіх у пад’езьдзе, круціла ў вочка ёй дулі. А праз шчыліну на бальконе яна часта бачыла старую суседку – усю ў белым – тая йшла кудысьці на рэгулярны і падазроны шпацыр.

Тры гады мінулі, шмат чаго зьмянілася ў краіне – мусібыць, Плачка ўсё ж такі наведала многіх іншых старарэжымных галавароў… На яе пачалі забывацца, праўда, зрэдчас у розных кутках Менску зьяўлялася нейкая старчыха ў вянку, здалёк падобная да Плачкі, але, наблізіўшыся да яе, можна было толькі напалохацца і адскочыць ад страху і смуроду. Старчыха зазірала ў сьметніцы, нешта шукала, перабірала, ня ўсё цікавіла яе – увагу ейную прыцягвалі толькі кветкі – жывыя і штучныя – усё падбірала кабета і пляла вялікі вянок, безупынку дадаючы кветкі да гіганцкага вянка на сваёй галаве, вянка, які ператвараўся ў велічную кветкавую паляну, якую насіць на галаве было амаль немажліва… І ніхто, вядома, не пазнаваў у гэтай вар’ятцы былую магутную чыноўніцу Лідулю…

кастрычнік 2020, Вільня