Посьніца
(аповед)
Неяк у бабусі жылі тры вясёлыя каты. І так трапілася, што жылі яны ня проста ў бабулі, а ў віцебскай бабулі-стараверкі. Аднаго кацянёнка ёй падкінулі злыдні-суседзі, другі прыблудзіў сам, а трэцяга прыцягнула з супынку жаласьлівая ўнучка, хоць схлусіла-сказала, што ён проста сядзеў на ганку. Як бы там ні было, такога подзіву-няшчасьця даўно не было ў жыцьці старой кабеты, і ўсё гэта няшчасьце яна абазвала коратка – “прысатаніліся”. Вядома, для бабулі каты – стварэньні хутчэй ад нячысьціка, стварэньні, якія маюць ход у сьвет нячысьціка, хоць і прыбіваюцца потым да людзей. Ды і слова “прысатаніцца” – тыповае стараверскае слова: ня толькі каты могуць прысатаніцца, але і пошасьць, хвароба ці навязьлівыя людзі. Гэтым слоўкам кідаюцца стараверы, калі злуюцца, абвінавачваючы нячысьціка ў чарговай бядзе.
Праўда, здагадвалася кабета, што катамі выпрабоўваў яе хутчэй бог, а не сатаньнё 1. Да ўсяго, як чульлівая істота, выгнаць на сьмерць ці хаця б на холад жывых істотаў у халады бабуля не магла, але і ўзяць у хату таксама не магла, бо каты – “поскудзь”, а ў хаце абразы. Каты ня могуць знаходзіцца ў хаце, дзе ёсьць іконы – такое непарушнае стараверскае правіла. Але бабуля знайшла кампраміс: на час запускала кацянятаў, каб яны пагрэліся, а ў хаце “папахла катом” – “каб мышы баяліся”. Але хутка каты апыньваліся на двары. Ды бабуля мінімальна даглядала іх. І празвала яна кацянятаў наступнымі, вельмі праўдзівымі, адпавядалымі іх паводзінам, мянушкамі: адзін кот быў Сцулём, другі Срулём, а трэці Бзьдзюлём. І гэта ня жарты, а сапраўдныя мянушкі, цалкам рэальная віцебская гісторыйка. Да ўсяго катам пашанцела ня толькі быць пахрышчанымі і мець мянушкі, але трапіць да стараверкі. Хто ня ведае, хто такія стараверы, то рэзюмуючы, гэта даўнія маскалі, сталыя беларусамі, якія захоўваюць пэўную рэлігійную адмысловасьць, адносна замкнёны лад жыцьця. У астатнім жа вонкава яны нічым не адрозьніваюцца ад іншых віцяблянаў, размаўляюць цудоўнай і смачнай віцебскай гаворкай і нават сьмяюцца з расейскага пранонсу іх уласнага ўладыкі, які прыязджае зрэдчас то з Гомлі, то з Браншчыны. За вочы, а часам і ў вочы ўладыку, віцебскія стараверы кажуць: “Дзе вы так сьмешна навучыліся размаўляць?!” Уладыка ж родам з Расеі і думаў якраз наадварот, што ў яго адзінага захавалася сапраўдная чыстая расейская мова і вымова. І часам ён не заўсёды добра разумеў сваіх беларускіх прыхаджанаў. І тады ён думаў: “Што зь імі зрабілі беларусы? Як мясцовыя стараверы абеларусіліся!” Праўда, пасьля такіх думак ён маліўся і прасіў прабачэньня ў бога за тое, што падзяляў людзей на лепшых і горшых і стараўся ўсяляк адганяць ад сябе падобныя думкі.
Дык вось, да піліпаўкі каты пасталелі, пакруглелі, поўсьць у іх заільсьнілася, хоць бабуля іх наўмысна нічым не частавала – што ела сама, тым і дзялілася з катамі. А каты ня ведалі, як жывуць іншыя каты ў кватэрах, дзе ім купляюць спэцыяльнае кацінае харчавананьне, а часам і філе з крамы. Гэтыя каты цудоўна ведалі, што можна пражыць каціны век без “Wiskas”. І ня ведалі каты, што насоўвалася на іх посьніца. І ня проста посьніца, якую ведаюць праваслаўныя і каталікі, а сапраўднае выпрабаваньне ў стараверскім духу, калі нават алей па панядзелках, серадах і пятніцах пад забаронай. І пасьцяцца тады як людзі, так і жывёлы. Нарэшце, настала посьніца – піліпаўка. Першымі ахвярамі строгага харчовага рэжыму, вядома, сталі жывёліны. І пачалі каты выпрабоўваюць сваю гаспадыню. Першым яе ўвёў у сорам і ў грэх чарнявы ўлюбёнец Бзьдюль. Ад пастаянных на абед безалейных макаронаў у яго нешта сталася з страўнікам і ён, ня маючы і ня ведаючы чалавечай прыстойнасьці, пачаў бзьдзець у пакойчыку, дзе сядзела ля абразоў старая кабета. Пакуль яна зьмікіціла, хто напсюрыў, пакуль выгнала нахабу на двор, да яе нечакана ў хатку пагрукалі. І гэта была паштарка, якая прынесла пэнсыю. У загазававым катом пакойчыку сядзела бабуля і здаўна вядомая прыемная паштарка. Гэтым прыходам, праўда, прыязнасьці не заўважалася: стараверка ад сораму ня ведала, куды падзецца, а паштарка сядзела з такім выглядам, у якім чыталася адно: “Як жа страшна старэць, старыя тады пахнуць лекамі і бзьдзяць не саромячыся”. Звычайна даўгаватая цырымонія размовы і расьпіцьця гарбаты была гвалтоўная парушаная: паводле вэрсыі гаспадыні хаты, Бзьдзюлём, а, паводле вэрсыі паштаркі, старэлай кабетай, якая ня ўмела стрымліваць нутраныя газы. Разьвітваючыся з гаспадыняй, паштарка ўжо ў думках была на пошце ў кабінэце начальніцы з мэтай папрасіць зьмены ўчастку.
Далей у роспач цалкам неімаверна ўвёў старую кабету рудзік Сцуль. Бабуля чакала новага выкіду з боку Бзьдзюля, запускаючы яго цяпер толькі ў прыхатнік, а тут так непрыемна расчараваў рудзік. За пару хвілінаў знаходжаньня ў хаце ён пасьпеў атрымаць порцыю камплімэнтаў з боку новага госьця – уладыкі. Але калі людзі заняліся сваімі чалавечымі справамі – размовай, то Сцуль заняўся сваімі кацінамі справамі: спачатку ён паняхаў шалік уладыкі, які ляжаў на зэдліку, а тады проста прымасьціўся і насікаў на цёплую рэч. І зьбёг. Калі ж уладыка сабраўся ў сьцюдзёную дарогу, то ўзяўся за шалік, які быў макрэзным і смуродным. І калі сьвятар з гумарам і разуменьнем паставіўся да пазбаўленай розуму і веры жывёлы, то гаспадыня спачатку прынесла прабачэньні, пазычыла бацюшку мужавы шалік, але потым, застаўшыся сам-насам, засумнявалася ў існаваньні богу.
Зрэшты, у адказ на ўсю ейную дабрыню трэці кот – бялюткі Сруль – падкінуў ёй сюпрыз. Аднойчы яна злавіла яго на гарачым – кот за печкай выпаражніўся, быццам на дварэ, адкуль адпаведная мянушка. А крыху пазьней з дапамогаю ўнукаў яна зразумела, што да ўсяго Сруль яшчэ і сапсаванец – ён росьціў 2 ейныя панчохі. Сьлепаватая кабета ніколі б гэтага ня выявіла, каб не зашоўшыя да яе ў госьці ўнукі, якія пабачылі ката, які сьцягнуў бабульчыны панчохі і росьціў іх у зацішным кутку, быццам котку. На пэўны час мянушка Сруль адыйшла на другі плян, бо стараверка ўздумала перахрысьціць ката і даць яму новае імя – Маньяк. З радыё, што вяшчала зь Менску, яна ведала, што падобным займаюцца хіба маньякі. Але ўнукі пераканалі старую пакінуць імя ад першага хросту.
Спаліўшы спаскуджаныя панчохі, выгнаўшы катоў на двор, кабета сумна заўважыла, што жывёлы, мэрам людзі, спаганеныя першапачаткова і няма ім ані выратаваньня, ані апраўданьня. Старая кабета шчыра прасіла ў бога паратунку, дзясяткі разоў кленчыла, з цяжкасьцю апускаўшыся на хворыя калені, каб пакланіцца старым цудадзейным абразам. Калі ж яна завяршыла модлы і выйшла на двор удыхнуць сьвежага паветра, на ганку сядзеў і каўкаў падкінуты новы шэры кацянёнак – адказ на ейныя нядаўнія запыты ў бога…
Уладзь Гарбацкі
1 То бок нячысьцік.
2 Росьціць – (пра жывёлаў, птушак, часам і пра чалавека) – спарвацца, жадаць, шукаць спарваньня (дыял., віцебск. слова).