Рыдлёўка бабці Евы

фантазійнае апавяданьне


Памяці Алеся Пушкіна прысьвячаю


Бабця Ева шпаркай хадой падыйшла да прадавачкі раённага ўнівэрсаму, якая стоячы драмала, “як карова ў хляве”, падумалася старой кабеце:

− Нешта я нідзе не знайду ў вас рыдлёвак! Дэфіцыт!

Прадавачка без ахвоты расплюшчыла сонныя вочы:

− Так, дэфіцыт! Людзі ашалелі – скупілі ўсе рыдлёўкі! Што яны толькі зь імі робяць?

Бабця Ева памаўчала, разьвярнулася і ўжо на выхадзе кінула нялюбай прадавачцы:

− Што-што, могілкі капаюць…

− Каму? – паспрабавала пацікавіцца зьдзіўленая і наіўная прадавачка, але кабеты ўжо не было ў краме.

Аднак бабця Ева пачула пытаньне, і толькі вецер злавіў ейны адказ:

− Каму-каму, лукашанятам!

З крамаў усёй краіны раптам зьніклі рыдлёўкі і нават шуфлі. І нават дзіцячыя пластмасавыя і драўляныя лапаткі зьніклі, на дзіва ўсім. Міліцыя адразу не зьвярнула ўвагі на гэты, падаецца, малазначны факт. Ну, вясна, маўляў, беларусы прачнуліся і на лецішчы рынуліся з рыдлёўкамі. Першы званочак міліцыя атрымала з Воршы, дзе на складзе крамы адбыўся крадзеж – скралі 45 рыдлёвак, якія даўна ляжалі там. Міліцыянты зьдзівіліся, што былі скрадзеныя менавіта танныя рыдлёўкі, якія ніяк не прадаваліся апошнія сем гадоў, тады як засталіся цэлымі даражэйшыя кахляная плітка і карэйская, праўда, расейскай зборкі, тэхніка. Другі званочак міліцыя атрымала з-пад Баранавічаў з чыгуначнага пераезнага пункту, зь якога выкралі рыдлёўкі, койлы і палкі-капалкі. Хіба трэці званочак прымусіў іх пачаць нешта прадпрымаць: у цэнтральных двух садках сталіцы са сховішча, а таксама проста з пясочніцаў выкралі ўсе дзевяноста пяць дзіцячых інвэнтарызаваных шуфляў.

Пакуль рыдлёўкі зьнікалі, краіна адвечнай стабільнасьці спакойна рухалася сабе шляхам да тупіку. Героі гнілі ў турмах ды пастарунках, радзей у моўчадзі па дамох, а ёлупы ды падлізьнікі шчыравалі ў сваёй лісьлівасьці ды тупасьці. Ябацькі і ямацькі спакойна спалі, даючы веры ў непарушнасьць і вечнасьць іхнае стабільнасьці, галоўны састарэлы і захварэлы ўжо на блізкую і немінучую сьмерць ябаця спаў таксама нібыта спакойна, бо яго аберагала калябарацыя з краінай праваслаўнага фашызму, ці рашызму, як пачалі зь нядаўнага часу дакладней называць палітыку краіны, якая ў мінулым насіла назоў Расея.

Праўда, рыдлёвачны скрогат, а таксама яшчэ рэдка, але ўсё часьцей ды часьцей нейкае дзіўнае чутае рыдлёўкавае шорганьне, пачалі паціху трывожыць сон застабілаў…

Бабця Ева тым часам вярнулася дахаты. Зірнула за печ – там ляжалі навюткія пятнаццаць рыдлёвак. Гэта без уліку ейных старых розных рыдлёвак, лапатаў ды шуфляў, схаваных у пуні. Яна загадзя прыкупілася, а ў раён езьдзіла, каб на дурня – мо’ і падфарціла б – дакупіць тое, што засталося. Але нічога не засталося. Ева першай у Беларусі два месяцы таму пачала рыдлёўкавы бум, які станавіўся новай моцнай надзеяй для радзімы, акупаванай мясцовымі ёлупамі ды маскалямі. Новым дзейсным і моцным псыхалягічным супрацівам, а яшчэ і запалохваньнем гвалтоўнага і ўжо, бадай, пэўнага ў сваёй непахіснасьці рэжыму. Аднак Ева, якая перажыла вайну і мела гой як шмат гадочкаў– сама жартам усім казала: “Мне ўжо гадоў пад сраку!” – ведала, як супрацьстаяць камуністам, немцам, партызанам, а тады зноў навалачным камуністам, як з сваіх дурняў, так і панабеглым сюды з Расеі. Новая навала - лукашаняты – яе зусім не палохалі: усялякай поскудзі за свой век пабачыла Ева: “Перажыву, зжыву і гэтых!”. Калі раней лукашаняты не былі кусьлівымі ды ня лезьлі ў ейнае жыцьцё, то яна пра іх і думаць ня думала. Але ж калі яны азьвярэлі і ператварыліся ў ябацькаў, а да ўсяго пачалі паляваць на добры люд і палохаць яго па-дзікунску, па-гулагаўску, яна прызадумалася. Цярпеньне ейнае трэснула ў той момант, калі віцебскія крэўніцы перадалі ёй, што ейны любы ўнук ня зможа прыехаць да яе з-за мяжы – ён рызыкуе быць арыштаваным. Яшчэ раней яе абурала тое, што ўнукавы лісты ўскрываліся, чыталіся, а на капэрце ставілася дурацкая пячатка і пазнака “Ускрыта на патрабаваньне мытні”. Але калі ёй сказалі, што ўнук цяпер не прыедзе, бабця Ева на гэта ўскрыкнула: “Ёбчык, маць!”, кінула слухаўку і на некалькі гадзінаў зашчапілася ў хаце, каб падумаць. Нават да суседкі Адаміхі не пайшла “дзеўкамі пасядзець”, як штовечар яны рабілі цягам апошніх трыццаці гадоў.

І бабця Ева нештачкі ды прыдумала. Ранкам усхапілася разам зь першымі промнямі жыцьцядайнага сонца, умыла твар, навязала сьвежую хустку. Папаролася ў пуні, адкуль выйшла з старой, улюбёнай і праверанай працаю рыдлёўкай і ціхама зьнікла ў малочным  цеплаватым тумане. Хто б мог падумаць, што ня зь Менску, не з дыяспары, а зь прыдзьвінскай вёсачкі пачаў загартоўвацца новы супраціў дзяржаўным апузелым гвалтаўнікам. Туман хаваў бабцю – ён заўсёды выратоўваў яе: у маладосьці ад гальлівых партызанаў, якія неяк былі паквапіліся на непаўналетнюю дзяўчыну, пазьней ад новага старшыні саўгасу, які звык мець “у кожнай брыгадзе па блядзі”, а цяпер, здаецца, ён хаваў яе ад пільнага вока добрасумленных грамадзянаў, якія сачылі і здавалі ўсё і ўсіх. Спакойна яна дайшла да мясцовых могілак, на якіх была тысячы разоў: тут хавалі ўсіх мясцовых, тут пахавалі ейных блізкіх, яна прыходзіла сюды ў сьвяты, яна даглядала магілкі ўсёй вялікай сям’і, што ляжала цяпер пад цяжкімі плітамі. Тут ведала яна кожны кут, усе гісторыі памерлых, усе сакрэты іхных яшчэ жывых сваякоў. Яна ведала, хто дзе пахаваны, хоць на некаторых магілках даўно збуцьвелі крыжы. Праўда, гэтым разам да сваіх яна нават не падыйшла. Не вагаючыся, яна наблізілася да скрайняй сьвежай магілы – раскідала насып, зраўняла яго так, быццам і не было магілы, выдрала крыж з таблічкай, кінула яго за агароджу могілак, плюнула ўсьлед і сышла. Зноў схаваўшыся ва ўжо не такім густым ранішнім тумане. 

Па абедзе вёска ператварылася ў патрывожаны вулей. З раёну панаехала машынаў з міргалкамі, па хатах хадзіў участковы міліцыянт, а зь імі яшчэ нейкія мардалысыя боўдзіліы ў сьмяшнюткіх падшаломніках не зь мясцовых, якія размаўлялі з маскальскім акцэнтам. А разам зь імі перапалоханы старшыня аграгарадку, якому падпарадкоўвалася цяпер ціхая дзьвінская вёсачка бабці Евы. Ува ўсіх пыталіся, ці ё у хаце госьці зь места, а мо’ і зусім чужыя. У некаторыя хаты заходзілі амаль сільма, агрэсыўна гамонячы з гаспадарамі, толькі да Адаміхі ды Евы чамусьці паставіліся прыязьней і ў хату не ўварваліся падшаломныя, пагрукалі і чакалі, покуль гаспадыні адамкнуць. Відаць, ад старшыні ды ўчастковага боўдзілы ведалі, што Еву вывозілі ў апошнюю вайну да немцаў, і цяпер жыла яна адна, даўно пахаваўшы і мужыка, і рана памерлую дачку. Але ўсё адно зазірнулі і да яе. У хату гаспадыня такіх гасьцей не запусьціла, хмурна прыняла іх на ганку:

− Вальдэмаравіч, ты цяпер не адзін, а з сьвітай перасоўваешся, - заместа “дабрыдзень” сказала бабця Ева.

− Дабрыдзень, цётка Ева! Не да жартаў сяньня мне. Скажыце лепей, ці бачылі каго з чужых сяньня ранкам у вёсцы?

− А што здарылася? – пацікавілася няпростая кабетка.

Боўдзілы пры гэтым моўчкі стаялі ў масках-падшаломніках і ўважліва слухалі размову, два зь іх дык зусім ротам слухалі, бо здагадвалася Ева, што блага разумелі яны беларускую мову. Адзін з боўдзілаў хадзіў ля хаты і стараўся зазірнуць праз вокны. Ева яшчэ ня бачыла такіх сьмешных недарэкаў, якія хавалі твар ад старой кабеты. Еве ўзгадалася, што да вайны так рабіў хіба стары Сымон, які хаваў твар, бо ён быў пабіты ці то каростай, ці то пранцамі. Мусібыць, і гэтыя каросьлівыя нейкія – хаваюць пысы. 

− Бяда, непрыемнасьць такая, каб вы ведалі, цётка! Цяпер вёска ваша праславіцца на ўсю краіну! Нехта разбурыў магілку пракурора Захарэвіча. Гэта ж трэба сілу мець, каб усё параскідаць так! Яго нядаўна пахавалі тут у вас – ён жа адсюль быў родам. Дык вось нехта выдраў крыж, зраўняў магілку, уяўляеце, цётка Ева! Такая бяда, ганьба! Шаноўнага грамадзяніна і ўвесь ягоны род так зьняславілі! Хто б гэта мог быць, можа, ведаеце?

− Ай-ай, што робіцца на сьвеце! І мёртвым спакою няма! Во паскуднікі якія, хто так робіць! – так натуральна засквіліла старая кабета, напудзіўшы нечаканай артыстычнасьцю боўдзілаў. – Ня ведаю, Вальдэмаравіч, нікога тут ня бачу, жыву на водшыбе, сам ведаеш, сваякі і тыя гады ў рады адведваюць мяне. Падзічэлі мы тут. Я тут акрамя Адаміхі нікога і ня бачу. Мо’ яна каго бачыла, яна да шляху бліжэй жывець. 

Расчараваны старшыня працягнуў:

− Не, і цётка Адаміха нічога ня ведае. Толькі раўла ды плакала. Нічога, будзем шукаць далей. Добра, цётка, дзякуй. Балазе, добрыя людзі ня вывяліся ў вас, пабачылі раскіданую магілку і патэлефанавалі жонцы былога пракурора. Бывайце!

Так, зграя боўдзілаў разам з старшынёй сышлі з сялібы бабы Евы. Тая зашчапілася ў хаце, села на лаву і засьмяялася, прыгадаўшы словы старшыні: “Гэта ж трэба сілу мець, каб усё параскідаць так!”. Якія дурні гэтыя мужыкі – ім усё цяжка, усё думаюць, што ў жанчынаў няма тое сілы. Прыгадаўшы Адаміху, якая раўла і плакала, па словах Вальдэмаравіча, яна зноў усьміхнулася, бо добра ведала суседку – такой артысткі яшчэ пашукай! Ейная матка была плакальніцай, і ёй перадалося гэта – як сілы былі ў яе, то ўсе клікалі яе на хаўтуры, каб палямантавала яна, жалю нагнала на жывых людзей і мёртвага ўшанавала. Але раптам Ева пасур’ёзьнела, усьмешка зьнікла. Думка зачапілася за балеснае, прыгадала пракурора Захарэвіча, пахаванага дзесяць дзён таму. Гэта праз яго ў месьце арыштоўвалі і садзілі на шмат дзён маладых мальцаў ды дзевак, якія выходзілі на маніхвэстацыі. Такі пракурор сядзеў, як лялька, і агучваў, што яму зь Менску казалі, вочы на гвалт заплюшчыўшы. Хоць зенкі ў яго і так былі амаль заплюшчаныя ад тлушчу. Ён усім кляпаў вялікія тэрміны, нікога не шкадуючы, а тады ў газэце ды ў экране ў Адаміхі бачыла, як яго хваліла ўлада і ўзнагароджвала нейкімі званьнямі і падвышкамі. “Чорт!” – толькі й зьляцела з вуснаў Адаміхі. “Каб яму чэрці такія ж званьні ў пекле давалі!” – дадала Ева. У роднай вёсцы яго не любілі, бо змалку той пракурор быў лісьлівым, бязмылалезлым, як сьмела апісвала яго Ева. Улада трымалася на такіх гладкіх ёлупах, але Ева ведала, што ёлупы тыя, асабліва мужчынскага роду, доўга не жывуць – крохкія істоты гэтыя мужыкі. І калі нечакана для ўладаў памёр іхны слынны пракурор, то вельмі чакана ён памёр для Евы, Адаміхі і безьлічы іншых простых беларусак і беларусаў, якія ўмелі дачакацца справядлівай разьвязкі. Калі хавалі яго ў вёсцы, то на пахаваньні амаль не было мясцовых – толькі мястовая навалач у чорным з апузелага чынавенства стаяла і назірала, што іх чакае па хуткім часе. Ева паўтарала пра сябе мясцовую мудрасьць: багатыя пахароны злому не дапамогуць. Пасьля многія мясцовыя не глядзелі ў той бок, дзе пахавалі дзяржаўнага гвалтаўніка – засыпаны вянкамі і кветкамі насып па-чужынску зеўрыў на могілках. І, урэшце, прыняла б вёска ды зямля чарговага мраца, няхай і гада печанага, каб ня той званок ад крэўніцаў бабці Евы.

Помсьлівай Ева ніколі не была – славілася дурной беларускай лагоднасьцю. Але во пад старасьць, як даведалася пра разгул нечуванай і вокарэзлівай несправядлівасьці, асабліва пра тое, што, мажліва, яна больш ніколі не пабачыць свайго ўлюблёніка-ўнука, таго адзінага, хто зьвязваў яе з памерлай дачушкай, ссыпалася зь яе лагоднасьць і раптам чорт залез да яе ў рабрыну. 

Увечары яна пайшла да Адаміхі “дзеўкамі пасядзець”. Чарачкі з малінаўкай стаялі нечапаныя, дзеўкі глядзелі тэлевізар, па якім раённы канал вяшчаў і абураўся з таго, што нейкія злыдні сапсавалі магілу заўчасна памерлага пракурора Захарэвіча. Адаміха ня вытрывала і ўмяшалася:

− Як гэта заўчасна памерлага – чорту такому даўно пара было на той сьвет! Не магу слухаць гэтых журналістаў! Але, Евачка, цікава, хто раскідаў магілу гіцля гэтага? Я ўсіх перабрала, каго магла – ніхто да галавы ня йдзець. 

− І мне ня ўцяміць, хто б гэта мог быць. Адкуль такія адважныя ўзяліся? – адказала Ева.

− Дык ты думаеш, іх некалькі было? Мо’ хто з бацькоў, чыіх дзяцей ён усадзіў за краты? Гіцаль гэты нажыў сабе ворагаў – ня дзіва, што магілу ягоную варочаюць. Каб маіх унукаў ён пасадзіў, дык я б наагул яго зь ямы выкапала і сабакам параскідала, - далей сьмела вяла гутарку Адаміха.

Ева бачыла, што сяброўка не здагадваецца, што гэта ейных рук справа. А ячшэ Еву зьдзівіла жудасная прапанова Адаміхі выкапаць і раскідаць гіцля сабакам. Хаця яе зацікавіла такая думка – нават яна аб гэтым не падумала. І яна была ўдзячная сяброўцы за ідэйку.

Пакуль дзеўкі разважалі, не шкадуючы кляцьбы ў адрас памерлага пракурора ды ўсіх уладцаў, грыбастая журналістка пачала даводзіць, што ня йнакш гэта справа рук беларускіх нацыяналістаў – “бел-чырвона-белых” – так яна іх назвала. І на экране ўсплылі фоткі тых самых нацыяналістаў з процьмай бел-чырвона-белых сьцягоў. І раптам хітра заўсьміхалася бабця Ева – яна ўжо ведала, што трэба рабіць далей.

Роўна праз тыдзень па збурэньні магілы, якую ўрачыста аднавілі і на якой усталявалі новы крыж з таблічкай, у ранішнім дзьвінскім тумане, бы ў ягады сабраўшыся, зноў акуратна йшла Ева ў кірунку да могілак. Бурыць нічога ня думала гэтым разам узлаваная кабета. У ейнай галаве сасьпеў іншы плян помсты. Павіталася з роднымі, пахаванымі леваруч, прыбрала старыя зьвялыя кветкі, упарадчыла падвязаныя півоні на магілцы дачкі і адразу ж сунулася ў правы бок да гіцлевай магілы. Падыйшла да крыжа, нешта пачаравала там з хвіляў пяць і зноў імкліва схавалася ў густым тумане.

І зноўку па абедзе пачуліся на ўсю вёску сірэны міліцыянцкіх машынаў. Тая ж цырымонія – абыход старшынёй з падшаломнай сьвітай хатак  вяскоўцаў і размовы з гаспадынямі, бо гаспадароў у вёсцы амаль не засталося. Гэтым разам Ева сустрэла сама шалудзівых гасьцей на ганку:

− Вальдэмаравіч, зачасьцілі вы да нас. Што гэтым разам здарылася? Няўжо зноў паскуднікі нейкія псуюць магілку пракурора?

− І ўсё вы ведаеце, цётка Ева! Адкуль такія веды? – пытаў знэрваваны старшыня.

− Да нас вы так проста не завітваеце, тым больш з такім хвастом, вось і пытаюся.

− Так, зноў, магіла пракурора... - не дагаварыў старшыня.

− Айё-айё, - толькі і ёўкнула старая кабета. – Няўжо зноў раскідалі грудок? – цікавілася Ева.

− Не, цэлая магіла, толькі вось гэтым разам нехта панавязаў на крыж стужак з нацыяналістычнай сымболікай… Тут, па ўсім відаць, дзейнічаюць арганізаваныя злачынцы.

− Айё, дык няўжо ж фашысцкіх эсэсак панавязалі? – цікавілася далей кабета, прыкідваючыся дурушай.

− Якіх эсэсак, вы што, цётка! Горш – бел-чырвона-белых забароненых стужак паначаплялі на крыж героя, - дадаў старшыня.

Гэтым разам чарачкі з малінаўкай спаражняліся надзвычай хутка – Ева і Адаміха пілі за новаабвешчаных партызанаў, якія справядліва, на думку кабетаў, зьдзекаваліся з злыдняў уладных. Зноў выступала грыбастая журналістка з рэпартажам зь іхнай вёскі, даводзячы на ўсю краіну, што ў Прыдзьвіньні арудуюць арганізаваныя антыдзяржаўныя групоўкі, якія ганьбяць славу герояў краіны і распаўсюджваюць фашыстоўскія сымбалі. На экране зьявіўся крыж з пракуроравай магілы, аздоблены тонкімі бел-чырвона-белымі стужачкімі, якія Ева накруціла ранкам. Ёй падумалася: “Як жа хораша яны глядзяцца на крыжы! Якая ж я зух-баба!”. Але нават вернай сяброўцы яна не прызналася, сказала зусім іншае:

− Гэта ж трэба было камусьці столькі накруціць стужак! Як яны ўзьлезлі на той крыж, халера ведае!

Пакуль дзеўкі разьлівалі малінаўку, у кадры пабачылі мясцовага ўчастковага, які зрываў стужкі і намагаўся сьцягнуць апошнюю, накручаную на самым версе.

− Глядзі-глядзі, Ева, як той кубёлачак скоча перад начальствам!

Ева прыкмеціла выслужваньне ўчастковага, сына Аўгіньні, што жыла ў самым пачатку вёскі. Хіба на хвільку яна прызадумалася, быццам запісвала ў памяці дэталі пабачанага, і хутка зноў вярнулася да сяброўкі. Навіны завяршаліся –  у студыю запрасілі якогасьці лысага экспэрта, які сіпатым голасам пачаў аналізаваць факты зьняслаўленьня дзяржаўных мужоў і што за гэта будзе злачынцам. Ева, хоць і павесялела ад малінаўкі, але п’янай не была, пачала ўважліва слухаць, што ж ёй пагражае. Сьмешна стала кабеце, калі даведалася, што аж нейкія два артыкулы пагражаюць ёй. Затым у студыю запрасілі бацюшку іхнае раённай бажніцы, які ў нядзелі вёў службы і ў іх у вёсцы. Адаміха, як заўсёды, трапна заўважыла: “Дзе чорт, там і поп!”. І той пад дудку папярэдняга выступоўцы казаў пра грэх і кару за падобныя ўчынкі. Абедзьве дзеўкі не пагадзіліся, на сьмех узьнялі словы першага і другога, і адлучылі тэлевізар. 

У той момант, калі сяброўкі разьвітваліся і разыходзіліся, а ціхая прыдзьвінская вёсачка патроху засынала, у сеціве завязвалася бурлівая размова пра невядомых герояў, якія зруйнавалі магілу аднаго з катаў і ябацькаў. Адныя казалі, што зь мёртвымі не ваююць, другія прытрымліваліся думкі, што часам варта і пастрашыць уладцаў і нагадаць ім пра помсту, іншыя ж падхапілі ідэю прынцыповай помсты мёртвым ябацькам, каб жывыя люта баяліся. Раптам выбухнуў шалёны, віртуальны пакуль, розгалас: усе пачалі шукаць тых герояў, якія ня толькі рыдлёўкамі арудавалі, а да ўсяго бел-чырвона-белымі стужкамі так трапна пакпілі зь ябацькі. Нехта ў камэнтары напісаў: “Нам было пасланьне ад тых невядомых герояў – можна і далей негвалтоўна змагацца з рэжымам – з дапамогай рыдлёвак. Сябры, усе за рыдлёўкі!”. Пакуль бабця Ева спала на сваёй улюбёнай печцы, у сеціве ноччу насьпяваў нечуваны пратэст, натхніцелькай якога была яна, дзьвінская мсьціўца-рэвалюцыянэрка.

Назаўтра, калі дзьвінскі туман разышоўся, сонца прыгрэла, так лагодна выглядалі могілкі і нават чужынскі гіцлевы курганок. Калі паадчыняліся крамы, у краіне раптам пачаўся рыдлёўкавы бум. Паўсюль раскупляліся рыдлёўкі, пакупнікі прасілі прынесьці ўсё, што заставалася на складах. Зьдзіўленыя прадавачкі тэлефанавалі на склады, адкуль яшчэ больш зьдзіўленыя грузчыкі вывозілі запыленыя, а месцамі і заржавелыя рыдлёўкі. І нават тым, каму не патрэбныя былі рыдлёўкі - ім нібыта перадаўся шал, яны па прыкладзе іншых набывалі іх. Людзі старэйшых пакаленьняў прыгадвалі цукровы, мучны, грэчкавы, салявы, кніжны ды іншыя дэфіцыты і ўмомант ператвараліся ў зомбі, беглі ў бліжэйшыя крамы і проста скуплялі рыдлёўкі і рыдлёвачкі. За два дні рыдлёўкі зьніклі з продажу, а людзі ўсё йшлі і йшлі па іх. Тады і пачаліся крадзяжы рыдлёвак па ўсёй краіне. А ў сеціве найбольш разумныя ды хітрыя за касьмічныя кошты перапрадавалі рыдлёўкі на куфры.бай і іншых старонках. Паўсюль можна было бачыць людзей з рыдлёўкамі: у мэтро, трамваях, у парках на шпацыры, у кнігарнях, аптэках, банках і нават бібліятэках спакойна хадзілі сабе людзі з рыдлёўкамі пад пахай. Закаханыя парачкі прагульваліся, а ў кагосьці з дваіх у руцэ абавязкова красавалася рыдлёвачка. Часам маці кацілі вазкі з немаўлятамі, а з вазка зграбна тырчалі рыдлёвачкі ці шуфлі.

Спачатку рыдлёўкавы бум праяўляўся хіба ў бяскрыўднай скупцы прыладаў. Але неўзабаве рыдлёўкі пайшлі ў справу, прызначаную ім – капаньне. Там і сям у Беларусі фіксаваліся дзёрзкія выпадкі руйнаваньня могілак – па першасьці проста валіліся надмагільнікі, раўняліся курганкі. Міліцыя, што яшчэ раней зачысьціла разам з падшаломнымі ўсё грамадзтва, перасадзіла ўсіх пратэстоўцаў, не была гатовая да рокашу рыдлёўцаў і не пасьпявала рэагаваць на такія дзіўныя і неадэкватныя выпадкі. Як высьветлілася пасьля ідэнтыфікацыі дваццаці першых парушаных магілаў, усе яны належалі памерлым ганаровым грамадзянам і грамадзянкам, якія пры жыцьці забясьпечвалі парадак рэжыму. Тады ж тая грыбатая праўладная журналістка і пацьвердзіла ў экстранай праграме навінаў на ўсю краіну сваю першапачатковую тэзу аб арганізаванай дзейнасьці антыдзяржаўнай тэрарыстычнай групоўкі ці нават груповак, скіраванай на прафанацыю магілаў ганаровых, няхай і памерлых ужо, сяброў грамадзтва – “стаўпоў айчыны” –  так іх назвала тая грыбатая.  

Калі ж вясковыя дзеўкі зноў сядзелі перад экранам і пачулі гэтыя словы журналісткі-“падпявалы” і “паддувайлы”, як яе шчыра ахрысьціла Адаміха, то Ева ня змоўчала, у ейнай галаве былой настаўніцы беларускай літаратуры адразу так натуральна ўсплыў лоўкі радок: “Удзел ўсіх стаўпоў – хістацца!”. Ураз яна ўзгадала верш паэткі, імя якой часта ўсплывала ў нэгатыўным сьвятле на афіцыйных каналах. Ева ведала многія вершы розных аўтараў на памяць, а ў Геніюш асабліва палюбляла просты і такі моцны верш “Быць”. Праўда, далейшыя кадры моцна зьдзівілі вясковак. Дзеўкі ротам глядзелі навіны: цяпер ня толькі іхная вёска была падобная да патрывожанага вульля – гудзела амаль уся краіна. Кадры з паваленымі помнікамі, крыжамі і перакуленымі плітамі ўражвалі, палохалі, але і давалі надзею. Бачыла Ева і першых затрыманых рыдлёўцаў, якіх круціла і зьбівала міліцыя. На дзіва, адзін схоплены і павязаны сьмела крычаў у камэру: “Гэта вам, гады, за паваленыя крыжы ў Курапатах”.

Ноч насоўвалася на краіну, і ці не ўпершыню спакойна заплюшчыць вочы не ўдавалася сотням тысяч ябацькаў і ябацькавічаў. Надыходу ночы баяліся як уладцы, так і міліцыя, бо на ўсіх могілках краіны паставіць варту магчымасьці не было. І, сапраўды, ноччу на могілках усёй краіны чулася дзіўнае, але і зразумелае цяпер шорганьне рыдлёвак. Ранкам сотні курганкоў былі паварушаныя, зруйнаваныя, а ў некаторых месцах дык і цалкам разрытыя да труны. Ня толькі на надмагільніках, крыжах і агароджах “былых стаўпоў айчыны” залуналі бел-чырвона-белыя стужкі, нават магілы бээсэсэраўскіх дзеячоў былі залепленыя і ўпрыгожаныя забароненай сымболікай. Нечакана для ўсіх забароненыя колеры залуналі над Курганам Славы. І нават там знайшлі некалькі рыдлёвак, нахабна ўторкнутых у зямлю. Міліцыя баялася і падумаць, што плянавалася на такім сьвятым месцы. Аднак асаблівую паніку сярод уладцаў выклікалі дзёрзкія акцыі па скідваньні бюстаў Дзяржынскага і Суворава па ўсёй краіне – гэта быў выклік усім боўдзілам у падшаломніках і насьмешка з састарэлага галоўнага калябаранта краіны.

А яшчэ адкульсьці людзі даведваліся, дзе былі пахаваныя блізкія сваякі падшаломных, якія асабліва праславіліся ў катаваньні простага люду за апошнія два гады, і раўняліся зь зямлёю магілы тых, хто нарадзіў на сьвет гадаў, магілы тых, хто ячшэ нядаўна ўхваляў уладу і паміраў, ведаючы, на якіх ахвярах выбудаваны іхны жаданы крывавы парадак. І калі мёртвым, няхай і спрычыненым да масакры, было ўжо ўсё адно, то многім жывым пры ўладзе было цяпер няўтульна, боязна і нават вусьцішна выйсьці вонкі, павярнуцца сьпінай, адчуваючы на ёй зачэпістыя, спапяляльныя позіркі, і тым больш заснуць. А яшчэ ім раптам стала страшней уяўляцца сьмерць. Сьмерці і так часьцей баяцца усе: і злыдні, і праведнікі, а тут да ўсяго лукашаняты раптам зразумелі, што стабільнасьці і спакою ім ня будзе ў нежыцьці, а салідныя, цяжкія і дарагуткія мармуровыя пліты, аздобленыя пазалочанымі расейскімі літарамі, так лёгка валяцца, крышацца, пэцкаюцца фарбай, драпаюцца, заплёўваюцца і проста засікваюцца. І ніякая міліцыя і суды не аберагуць заслужаных гвалтаўнікоў ад такой ганьбы. 

Раўнамерны, адусюль чутны рыдлёвачны шоргат стаўся цяпер горшым за піск камара, за скрогат зубоўны ці манатонны віскат бормашыны. А яшчэ ён стаўся прычынай шматлікіх мігрэняў, нэрвовых зрываў, разводаў і ўцёкаў з краіны.

Галоўны ябацька краіны апошнія дні ня мог спаць – ён сьніў патрушчаныя і раскіданыя могілкавыя пліты родных, ён падхопліваўся сярод начы ад скрогату далакопаўскіх рыдлёвак. Ранкам зноў яго будзіў той скрогат. Прачнуўшыся, ён разумеў, што гэта быў сон. Але раптам да ягоных вушэй зноў далятаў гук уторкнутай у зямлю рыдлёўкі. Ад мігрэні і нянавісьці ён люта крычаў – прыбеглыя служкі ня ведалі, што і парадзіць. Урэшце, усе разумелі, што той рыдлёвачны скрогат чуўся з саду, дзе працаваў любы і наіўнаваты ябацькавы садоўнік. Яму загадалі спыніць працу і больш не выкарыстоўваць рыдлёўку. Садоўнік зьдзівіўся, але падпарадкаваўся. 

А ў Менску і Пінску тым часам былі арыштаваныя падазронікі, якія сьмела шпацыравалі сабе ў цэнтры на вачах ва ўсіх з бліскучымі вялізнымі рыдлёўкамі. Толькі ў пастарунку высьветлілася, што міліцыянты зьбілі на горкі яблык ні ў чым не вінаватых супрацоўнікаў “Зялёнбуду”. З таго часу зялёнбудаўцы баяліся выходзіць на працу, а калі і выходзілі, то капалі рукамі – браць у рукі рыдлёўкі адмаўляліся.

Адна высокага палёту чыноўніца накрычала на ўнучка толькі за тое, што ён акуратна корпаўся ў пясочніцы і ледзь чутна шоргаў жоўценькім шуфлікам. Яна забаялася, што яе і ўсю сям’ю абвінавацяць у здрадзе. Яна падскочыла да ўнучка, вырвала шуфлік і на вачох дзіцёнка раструшчыла цацачны інструмэнт. Ад дзяржаўных гвалтаўнікоў, якія апошнія гады зьяўляліся выключна ў падшаломніках, пачалі сыходзіць жонкі, бо яны пачалі атрымліваць ананімныя бясслоўныя пасланьні з простым запісам рыдлёвачнага шоргату. Муж старшыні Канстытуцыйнага суду разьвёўся з уладнай жонкай пасьля таго, як невядомыя пачалі проста акуратна ўторкваць у магілы іхных бацькоў рыдлёўкі. Штораніцы новыя рыдлёўкі проста какетліва тырчалі ў курганках. Цягам тыдня псыхіка мужа ўладнай жонкі пахіснулася, ён запанікаваў, пачаў раўці, умалёгваць жонку сысьці з працы і падтрымаць люд. На ўмалёгваньні сталёвая судзьдзя не зрэагавала – муж разьвёўся. І назаўтра на курганках бацькоўскіх магіл больш не зьявіліся рыдлёўкі. Парлямант, якому больш не было чым займацца, сабраўся на экстранае паседжаньне і прыняў закон аб забароне рыдлёвак і шуфляў у краіне. Зноў безразборліва пачалі арыштоўвацца людзі: далакопы, фэрмэры, зялёнбудаўцы, дачнікі, мэтрабудаўнікі, рыбакі-аматары, якія проста выйшлі накапаць чарвячкоў, але трапілі ў пастарунак за падрыхтоўку да бунту. Сярод арыштаваных былі бацькі і родныя высокапастаўленых ябацек і яматак. У краіне пачалася сумятня. Многія ябацькі пахітрэй і пасцулявацей уцяклі ў мілую і адзіную адкрытую для іх Расею. Іншыя паспрабавалі выцягнуць з пастарункаў сваіх невінаватых бацькоў, але намарна. Усё паўтаралася ў гэтай сыстэме, як сто гадоў таму, так і цяпер: жорны барбарыі спыніць ужо не было сілаў. Назіраючы за ўсім гэтым, бабця Ева ціхама паўтарала пра сябе такі трапны і ўнівэрсальны радок, які бег скрозь час ад чароўнай магуткі Геніюш: “Удзел ўсіх стаўпоў – хістацца!”.

Так, партызанка рыдлёўцаў мацнела, не зважаючы на панічныя хапуны і арышты ўсіх, хто трапляўся пад гарачую руку. Улада пачала прайграваць бой з жывымі беларусамі, калі, загнатыя ў кут, яны нечакана ўзяліся за рыдлёўкі і проста пачалі валіць і крышыць пліты, крыжы. Бой з мрацамі напудзіў уладцаў, зьнячэўку прарваў іхную лінію абароны і запалохваньня: дасюль многія ябацькі і ямацькі пагаджаліся на стабільнасьць хлусьні, калі ўлада  наўзамен забясьпечвала ім ахову, але іх так лёгка зьбіла з тропу вайна з памерлымі, якіх улада абараніць не магла. Ябацькавы лягер пачуваўся спанталычаным і расчараваным ва ўладзе, якую яшчэ ўчора абагаўляў. Скрогат і тэрор рыдлёвак і койлаў раз’яднаў лягер застабілаў, магутныя ўладцы пазбаўляліся ня толькі падтрымкі замбаванага насельніцтва, але і ласкі, клопату блізкіх, якія паціху сыходзілі, адварочваліся ці проста больш не размаўлялі зь імі ва ўласным доме.

Аднаго цёплага ранку краіна прачнулася як ніколі наэлектрызаванай мільёнамі чаканьняў і расчараваньняў. Надзея, якая цягам месяцаў нараджалася з кожнага шоргату рыдлёўкі ці нават шуфля там ці сям па краіне, раптам сасьпела і прарвалася. Тым самым цёплым ранкам бязьмежныя гурмы рыдлёўцаў падыйшлі да Валадаркі, будынку КДБ, да палацу ябацькі, і шматтысячнае рыдлёўкавае скрыгатаньне ператварылася ў вусьцішны гул. Гэтым разам крышыліся могілкі сыстэмы, якая сілкавалася людам, як казачны людажэрца чалавечай плоцьцю. Здаецца, непрабітныя, набрынялыя за стагодзьдзе чалавечымі пакутамі сьцены – так лёгка хісталіся, быццам расколіны ўжо здаўна разьбегліся пад тынкоўкай ад гвалту, закансэрваваным у гэтым змрочным будынку. Таму рыдлёўкавы скрогат, а за ім бульдозэрныя тараны дарылі надзею на хуткае зрыцьцё беларускіх бастыліяў.

Зрэшты, зусім крыху раней адна нідэрляндзкая дыджэйка беларускага паходжаньня стварыла кампазыцыю ў гонар радзімы сваіх бацькоў, якую так і назвала “Рыдлёўкавы скрогат” (Schop slijpen). Яна сталася гітом ва ўсіх эўрапейскіх, а яшчэ японскіх клюбах. Цікава, сваёй энэргічнасьцю і аптымізмам яна часам супрацьпастаўлялася мэлянхалійнасьці слыннай кампазыцыі, якая вось ужо некалькі стагодзьдзяў злучала беларусаў і палякаў у выгнаньні – палянэза Агінскага “Разьвітаньне з Радзімай”. “Рыдлёўкавы скрогат” не разьвітваўся з радзімай, а толькі з навалачнай уладай, і ён хутчэй запрашаў вярнуцца на радзіму сотні тысячаў, калі не мільёны выгнаных з дому беларусаў. Гэта і прывабіла маладое беларускае пакаленьне, і выклікала сьлёзы тых, хто апынуўся далёка ад радзімы. І ўсё сьмялей у краіне чулася, лілася з сеціва гэтая папулярная чульлівая кампазыцыя, якой наканавана было стацца новым рэвалюцыйным гімнам.

А Бабця Ева ўсе гэтыя дні спала спакойна – яе ня грызла сумленьне. Усё, што яна зрабіла з гіцлевай магілай, – усё дзеля ўнучка, а яшчэ, пэўна ж, дзеля праўды. Безумоўна, яна дзівілася розгаласу, які пайшоў гуляць па краіне зь ейнай простай дробнай помсты. І нават цешылася, што іншыя падхапілі ейную такую простую, дзейсную, небясьпечную, але і вызвольную ідэю. Хіба крыху шкадавала, што давялося ваяваць з мрацамі, але жывыя барбары самі не пакінулі ніякай іншай магчымасьці простаму няўзброенаму люду. А яшчэ Ева ведала, што тупой мужчынскай сіле заўсёды супрацьстаяла жаночая мудрасьць, а часам і хітрыкі, якія ў гісторыі валілі і ня гэткія стаўпы. 

Аднак ня толькі з мрацамі вяла бой кабета. У апошні месяц штовечар яна засынала з верай у беларусаў і з хітраватай усьмешкай, прычына якой была вядомая толькі ёй, нябачнай і неўгаданай зачынальніцы рокашу. Пазьней расшыфроўвалася ейная ўсьмешка: так, аднойчы навязаныя ёю ноччу на аўто ўчастковага бел-чырвона-белыя сьцяжкі сталіся прычынай ягонага арышту сваімі ж, якія, да ўсяго, абвінавацілі службоўца ў прафанацыі магілы пракурора і злоўжываньні пасадай. Адчайныя тлумачэньні міліцыянта ўспрымаліся, як няўдалая спроба апраўдацца. А крыху пазьней міліцыя прыехала дамоў да ябацькавага папа, які служыў у Евінай вёсцы: на вежы царквы лунаў забаронены сьцяг, а ў торбе агаломшанага і маўклівага бацюшкі знайшлі вязьмо бел-чырвона-белых стужак – знак ягонай злучанасьці з тэрарыстычнай групоўкай. Злыдні пачалі паляваць на сваіх жа злыдняў, беларусы, зрэшты, зноў мабілізаваліся – і ўсё дзякуючы той праверанай працаю і гадамі рыдлёўцы бабці Евы зь дзьвінскай партызанскай вёсачкі, што ўрачыста патанала ў пераможных промнях сонца…

Травень-чэрвень 2023, Вільня